Трылогія “На ростанях”

Подробное решение Страница 246стр. по литературе для учащихся 9 класса, авторов Рагойша В.П., Шамякiна Т. I. 2011



1. Чым адметная архітэктанічная структура і жанр трылогіі «На ростанях»?

На ростанях — эпічная трылогія класіка беларускай літаратуры Я. Коласа, адзін з першых беларускіх раманаў, які меў вялікае значэнне для развіцця жанру рамана ў беларускай літаратуры. Трылогія — гэта тры літаратурных творы драматычнага або апавядальнага характару, аб’яднаныя адзтнай задумай аўтара. “На ростанях” складаецца з наступных кніг: “У палесскай глушы” (1921-1922 гг), “У глыбі Палесся” (1926-1927), “На ростанях” (1948-1954 гг.). Гэтыя кнігі аб’яднаны адзінай задумай аўтара: паказаць жыццё народа Беларусі ў перыяд гістарычных падзей першай рускай рэвалюцыі 1905-1907 гг. У анову твора пакладзены багаты аўтабіяграфічны матэрыял, тут знайшлі сваё адлюстраванне факты і падзеі з жыцця Я.Коласа, калі ён працаваў на Палессі. Ён уважліва прыглядаўся да жыцця народа, вывучаў побыт і звычаі сялянства, настойліва шукаў шлях да яго лепшага будучага. Пры стварэнні твора Я.Колас імкнуўся стварыць аўтабіяграфію, а таксама намаляваць тыповыя вобразы ў тыповых абставінах.

Дзеянне ў першай аповесці пачынаецца з моманту прыезду Лабановіча, які толькі што скончыў настаўніцкую семінарыю, у глухую палескую вёску Цельшына. Другая аповесць трылогіі — «У глыбі Палесся» — раздзелена на дзве часткі: адпаведна розным мясцінам новай службы Лабановіча. Час дзеяння тут 1904—1905 гады — руска-японская вайна, першая руская рэвалюцыя. Лабановіч уключаецца ў грамадскае жыццё, бярэ ўдзел у хваляваннях сялян, дапамагаючы ім, знаёміцца з прадстаўнікамі падпольнай рэвалюцыйнай арганізацыі ў Пінску. У цэнтры трэцяй кнігі — нелегальны настаўніцкі з’езд, арганізаваны Лабановічам у сваёй роднай вёсцы Мікалаеўшчына, рэпрэсіі ўлад у адносінах да ўдзельнікаў з’езду, страта Лабановічам працы, жыццё на радзіме, затым у Вільні, пачатак пісьменніцкай творчасці, суд, турма. У трылогіі толькі трэцяя частка — раман у поўным сэнсе слова: па аб’ёме, абсягах месца дзеяння, шматлікасці кантактаў Лабановіча з людзьмі, разнастайнасці яго заняткаў. Другая частка — аповесць «У глыбі Палесся» — таксама па фармальных паказчыках можа быць набліжана да рамана.

Трэба адзначыць, што спецыфіка кампазіцыі твора заключаецца таксама ў тым, што шматлікія вобразы-персанажы самі па сабе, без сустрэч з Лабановічам не жывуць. У адпаведнасці з задумай твора адны героі намаляваны ярка, іншыя з'яўляюцца эпізадычнымі. I толькі вобраз Андрэя Лабановіча ў рамане цэльны і паўнакроўны. Дынаміка ў характары героя адлюстроўвае змены народнай свядомасці ў той гістарычны перыяд, калі падзеі набывалі ўсё большую імклівасць і непрадказальнасць. Самае каштоўнае ў творы — паказ выключна багатага духоўнага свету героя, разнастайнасці і шматпланавасці сувязей яго са светам.

2. Што можна сказаць пра жаночыя вобразы трылогіі?

У рамане жаночыя вобразы займаюць важнае месца. Пісьменнік засяроджвае ўвагу на тых асаблівасцях нацыянальнага жаночага характару, якія пакуль не закранаў у сваіх творах.

Бабка Мар’я — чалавек старога веку, і па ёй можна меркаваць пра беларускую жанчыну, скажам, усяго ХІХ стагоддзя. Жыццё Мар’і прайшло ў цяжкай працы і нястачы. Але яна не мысліць для сябе іншага лёсу, прымае яго мудра і па-хрысціянску ціхмяна. Яна не раздумвае над абстрактнымі пытаннямі. Бабка Мар’я вельмі цікавая і багата адораная натура. З выключнай увагай і мацярынскім клопатам ставіцца яна да Лабановіча, прыкмячае, калі ў яго дрэнны настрой і імкнецца добрым словам адагнаць ад яго благія думкі.

Ядвіся намалявана Якубам Коласам у трылогіі падрабязна і поўна. Дзяўчына адзелена знешняй прыгажосцю і абаяльнасцю. Здавалася, яна заўсёды была ў добрым настроі і ў кампаніі нязменна вызначалася сваёй весялосцю. З другога боку, яна не па ўзросце сур’ёзная, бо расла ў складанай сям’і, з бацькам — чалавекам жорсткім і дэспатычным. Страх спазнаць такі ж лёс, як у яе маці, сустрэць такога ж сямейнага тырана, відаць, глыбока запаў у падсвядомасць дзяўчыны. Таму яна і кахае Лабановіча, і адначасова баіцца свайго кахання. Бясспрэчна, каханне заўсёды раскрывае ў чалавеку лепшыя рысы характару, таму такой абаяльнай у сваёй схільнасці да Лабановіча і паў-

стае Ядвіся. Але страх ды, магчыма, матэрыяльны разлік пераадольваюць у Ядвісі пачуццё да настаўніка. Яна пакідае Цельшына. Што з ёй стала далей — невядома. Вобраз Ядвісі застаўся недаказаным да канца, і гэта надае яму паэтычнасць. І для чытачоў яна засталася назаўсёды «найпрыгажэйшай кветкай Палесся», адным з лепшых жаночых вобразаў у беларускай літаратуры.

Вольгай Андросава звязала свой лёс з рэвалюцыйнай дзейнасцю і схіляе на гэты ж шлях Андрэя. Вольга Віктараўна — настаўніца, як і Лабановіч, жывая, рухавая, са смелымі вачамі. Трапіўшы да Лабановіча, яна адчувае сябе як дома, гаспадарыць, жартуе, паводзіць сябе развязна. Лабановіча здзіўляе яе моцны рэвалюцыйны запал.. Андросава ж, нягледзячы на ўсю бойкасць і хітрасць, выглядае дастаткова прымітыўнай: яе свет звужаны, інтарэсы абмежаваны толькі рэвалюцыйнай барацьбой. Паказальна, што ў час гутаркі пра рэвалюцыю яна не прымае ніякіх пярэчанняў з боку субяседніка — для яе раз і назаўсёды ўсё ясна. Для Лабановіча такая пазіцыя сведчыць пра абмежаванасць чалавека, які не здольны да развіцця.

У рамане сустракаюцца і іншыя жаночыя вобразы, у тым ліку маладых дзяўчат: Людмілы, Марыны, Надзі, Аксаны. Усе яны абаяльныя, прыгожыя і стаяць інтэлектуальна вышэй за сваё асяроддзе. Сапраўды, беларускія дзяўчаты заўсёды вызначаліся і вызначаюцца асаблівай прыгажосцю. Маці, сёстры, жонкі, дочкі беларусаў сваёй прыгажосцю, душэўнасцю і мудрасцю асвятляюць жыццё, надаюць яму красу і вы-шэйшы сэнс.

3. Чым адрозніваецца паказ прыроды ў трылогіі «На ростанях» ад пейзажаў паэмы «Новая зямля»?

У паэме “Новая зямля” прырода — гэта і фон дзеяння, і аб'ект захаплення герояў і аўтара. Прыроду Якуб Колас успрымаў як непрачытаную кнігу, як таямніцу, вечную загадку, якую пастаянна імкнуцца разгадаць героі твора. А ў той жа час прырода непасрэдна ўплецена ў чалавечае існаванне, з'яўляецца арэнай дзейнасці людзей. Прырода ў творы — і гэта найважнейшая яго асаблівасць — набывае як бы характар роднага дома, робіцца ўтульнай і абжытай. Пісьменнік не адступае ад сваёй любві да маляўнічых пейзажных замалёвак, паганскіх поглядаў на прыродныя з'явы. Навальніцу і мароз ён надзяляе душой, сонца выводзіць у вобразе багіні. Прырода ў Якуба Коласа — гэта частка Радзімы. Праз захапленне роднымі краявідамі чалавек выяўляе свае патрыятычныя пачуцці.

У рамане “На ростанях” прырода і ландшафты нашай краіны 1940-1950 гг. Занатаваны амаль дакументальна. Кніга Якуба Коласа выхоўвае навык эстэтычнага сузірання, якое адначасова і вучыць, бо ў кожным ландшафце занатавана гісторыя і культура народа. Паглядзім хоць бы на гістарычны ландшафт — той, у якім выяўляецца прысутнасць творчага чалавека. У трылогіі можна вылучыць некалькі тыпаў пейзажу. Першы з іх — вясковыя паселішчы. Вёска Цельшына — першае месца працы Лабановіча — «стаяла на невялічкай палянцы сярод лесу і хмызнякоў». Лес з усіх бакоў наступаў на дамы і прыгнятаў чалавека: Лабановіч «чуў сябе як бы чымся звязаным, як бы на ім была надзета цесная адзежына, бо густыя сцены пушчы адусюль націскалі на гэту вёску, насядалі з пагрозай…». Якуб Колас стварыў мастацкі вобраз Палесся як часткі цэлага — Беларусі. У першай аповесці Лабановіч не столькі дзейнічае, колькі разважае. Стымулам для яго разважанняў вельмі часта з’яўляецца прырода. Можна сказаць, што ён паступова напаўняецца вопытам свайго народа, а часткаю гэтага вопыту была спрадвеку ўстаноўленая гармонія паміж чалавекам і прыродай. З цягам часу на Палессі, якое лічылася балотным, непрыветным краем, Лабановіч пачынае бачыць мясціны прывабныя і вясёлыя. Ён успрымае іх «мудрасць» — прырода пашырае духоўныя далягляды героя. Назіраючы розныя ландшафты, ён задумваецца пра сутнасць прыгажосці, пра жыццё і смерць, сапраўдныя і ўяўныя каштоў-насці.

Наступны тып пейзажу ў творы — «родны кут» — размяшчэнне дома і сядзібы вакол яго, гаспадарчыя пабудовы. Дом — цэласны вобраз свету, своеасаблівы мікракосмас. У трылогіі дом як жытло з асаблівай сілай суадносіцца з «домам душы» — самаадчуваннем і самавызначэннем героя. Часам вобраз тут будуецца па кантрасце: утульнасць дома — і неабсяжнасць Сусвету. Якуб Колас любіць апісваць поле ці сад каля дома. Увогуле сад для Лабановіча, як і для самога пісьменніка, — нібы мерка чалавечай культуры, шкала цывілізацыі.

Яшчэ адзін тып пейзажу — гарадскі. Гарады і дарогі — каркас, які фарміруе прастору краіны, надае ёй пэўную канфігурацыю. Але калі дарогі Якуб Колас апісвае любоўна і падрабязна, то гарады не былі аб’ектам яго пільнай увагі. У трылогіі згадваюцца Пінск, Вільня, Мінск. Найбольш падрабязна спыняецца аўтар на вуліцах і архітэктурных збу-даваннях Вільні.

4. Падрыхтуйцеся да вуснага выказвання «Андрэй Лабановіч і іншыя інтэлігенты ў трылогіі Якуба Коласа».

У дапамогу да стварэння працы:

У цэнтры ўвагі пісьменніка жыццё беларускай вясковай інтэлігенцыі. Я.Коласа хвалюе пытанне аб ролі інтэлігенцыі ў барацьбе народа, цікавяць узаемаадносіны народа і інтэлігенцыі. Яна вырашаецца праз вобраз Андрэя Лабановіча.

Андрэй Лабановіч — вобраз аўтабіяграфічны. Я. Колас адзначаў: «Лабановіч — мой двайнік. Выдуманага ў яго паводзінах і характары нічога няма». Аднак было б спрошчана атаясамліваць вялікага мастака, філосафа, якім быў Я. Колас, з яго героем. Герой паказаны пісьменнікам канкрэтна-гістарычна, з усімі памылковымі поглядамі, характэрнымі для перадавой беларускай інтэлігенцыі ў пачатку стагоддзя. Пісьменнік вобразам Андрэя Лабановіча нібы сцвярджае: галоўнае, каб у чалавеку жыла прага праўды. Каб у яго было моцнае пачуццё адказнасці перад народам, каб ён не спыняўся на шляхах жыцця, а ішоў наперад, а ўжо сама логіка грамадскага жыцця зможа вывесці яго на правільны шлях. Духоўная эвалюцыя героя, яго філасофскае асэнсаванне жыцця, пошукі свайго месца ў грамадстве складаюць ідэйна-тэматычную аснову твора.

Лабанновіч сур'ёзны, сумленны, адукаваны чалавек, які добра ведае сялянскае жыццё і ў той жа час авалодаў культурнай спадчынай. Лабановіч захапляецца фізічным і душэўным хараством сялян, іх кемлівасцю, працавітасцю. Разам з тым, добра разумее іх адсталасць, абмежаванасць светапогляду і прымітыўнасць побыту. Свае прызначэнне юнак бачыць у павышэнні культурнага ўзроўню народа, яго нацыянальнай свядомасці. Аднак павесці сялян да лепшага жыцця з дапамогай асветніцкіх гутарак яму не ўдаецца. Ні да чаго не прыводзіць і пабудова ў роднай вёсцы грэблі. Лабановіч балюча перажывае няўдачу, але абмежавацца толькі настаўніцкай працай не збіраецца. I калі надышоў час сялянскага бунту, менавіта да настаўніка, а не да пісара ці старшыні, звярнуліся абураныя сяляне.

Сустрэча Лабановіча з Турсевічам стала значнай падзеяй у яго духоўным развіцці, а гутаркі-спрэчкі адыгралі ролю каталізатара працэсу духоўнага развіцця. Настаўнік апынуўся перад неабходнасцю перагледзець некаторыя ранейшыя мэтавыя ўстаноўкі і выпрацаваць новую "жывую ідэю". І ўсведамленне такой неабходнасці не засталося толькі намерамі. А гэта і было праявай яго духоўнага развіцця. Інакшымі сталі погляды на "цесную школу", на "палескую глуш". Адразу па прыездзе ў Цельшына ўчарашні семінарыст паэтызаваў "гэты глухі куток Палесся", спрачаўся з тымі, хто не хацеў бачыць хараства "гэтага некранутага краю старажытнасці". Цяпер думка Лабановіча ідзе ў глыбіню, а ягоныя высновы грунтуюцца на аналізе той ці іншай з'явы, на высвятленні прычын, якія яе выклікалі. А прычыны гэтыя звычайна не ляжаць на паверхні, яны схаваныя. Вось і "трагедыю чалавечай душы" першай жонкі падлоўчага Лабановіч ускосна звязвае з "палескай глушшу", з тамтэйшай атмасферай, замкнёнасцю жыццёвага ўкладу, бояззю вынесці сямейныя праблемы на людзі. І ўласным становішчам настаўнік аказаўся незадаволены, а сваю працу характарызуе як "мала вартоўную", адчуваючы пагрозу "павольнага ўмірання душы і зацягвання цябе балотам".

Сапраўдным інтэлігентам у нашым уяўленні з'яўляецца сябар Лабановіча Янка Тукала» Гэта вясёлы, эмацыянальны малады чалавек. Янка страціў працу за ўдзел у настаўніцкім з'ездзе, але глядзіць у будучыню ўпэўнена, бо адчувае сваю асабістую праўду. Ён і Лабановічу ўнушае веру ў перамогу справы нацыянальнага адраджэння.

Зямляк Лабановіча Алесь Садовіч у маладосці вёў лад жыцця вясковага інтэлігента-абывацеля. Але потым ён асэнсаваў сваю ролю ў абуджэнні грамадства, стаў адным з лідэраў руху прагрэсіўных настаўнікаў на Беларусі. Добра ведаючы, што яму пагражае за арганізацыю з'езда, Алесь ніколькі не сумняваецца ў неабходнасці яго правядзення.

Калега Лабановіча настаўнік Саханюк не саромеецца браць плату нават за лісты бедных непісьменных салдатак. I ў той жа час ён лічыць сябе інтэлігентам, апранаецца прадумана прыгожа, заўсёды акуратны, чысты.

Пісар Дубейка ўспрымае службовае становішча як магчымасць весела пажыць за чужы кошт, інтэлігентам ён лічыць таго, хто добра п'е гарэлку і гуляе ў карты.

6. У чым значэнне творчасці Якуба Коласа як класіка беларускай літаратуры?

Шматгранная літаратурна-мастацкая спадчына Якуба Коласа – гэта неад'емная частка духоўнага набытку беларусаў, невычэрпная крыніца мудрасці, хараства і прыгажосці. Тут скандэнсаваны неацэнны маральны вопыт, які назапашваўся працоўным людам на розных этапах сваёй гісторыі – у гады паднявольнага існавання і ў гады барацьбы за свабоду і нацыянальную незалежнасць. Вершаваныя і празаічныя творы Коласа прадэманстравалі невычэрпныя магчымасці мастацкага, вобразнага слова, аплодненага глыбокім і шчырым пачуццём любові да жыцця, да чалавека і роднай зямлі. Разам са сваімі вялікімі паплечнікамі – Янкам Купалам, Максімам Багдановічам, Максімам Гарэцкім – Якуб Колас узняў беларускае прыгожае пісьменства на новы ўзровень, перад усім светам годна сцвердзіў яго аўтарытэт. Неацэнная заслуга народнага Песняра ў абуджэнні нацыянальнай свядомасці беларуса, выхаванні патрыятызму, у абароне гуманістычных ідэй, агульначалавечых каштоўнасцей. Якуб Колас – духоўны настаўнік нацыі, нястомны змагар за адраджэнне нацыянальнай культуры, роднай мовы, беларускай школы, беларускага тэатра. Творы Коласа – гэта выдатная школа, у якой вучылася не адно пакаленне паэтычнай моладзі.

7. Адшукайце ў спецыяльнай літаратуры матэрыялы, якія сведчаць пра ўшанаванне асобы Якуба Коласа ў назвах розных устаноў, у розных відах мастацтва.

У 1959—1965 прысуджалася літаратурная прэмія імя Я. Коласа. З 1965 г. прысуджалася Дзяржаўная прэмія імя Якуба Коласа за лепшыя празаічныя і літаратуразнаўчыя працы. Яго імя нададзена Мінскаму паліграфічнаму камбінату, Інстытуту мовазнаўства НАН РБ, Віцебскаму драматычнаму тэатру, Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН РБ і іншым бібліятэкам. Імем Я. Коласа быў названы Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй з філіялам і Нясвіжскі дзяржаўны каледж. Імя Я. Коласа носяць школы, плошчы, вуліцы гарадоў і вёсак Беларусі.

Помнікі паэту пастаўленыя ў Мінску (на плошчы, названай у яго гонар), у вёсцы Мікалаеўшчына, Навагрудку, у вёсцы ПлоскаеТалачынскага раёна. Бюст паэту ўсталяваны ў Нясвіжы. У Мінску працуе Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Я. Коласа, яго філіялы знаходзяцца ў Стаўбцоўскім раёне: у Акінчыцах, Смольні, Мікалаеўшчыне і Альбуці.

Сядзіба Акінчыцы, дзе з'явіўся на свет Якуб Колас, цяпер уваходзіць у рысу горада Стоўбцы. За 5 кіламетраў ад Стоўбцаў знаходзіцца сядзіба Альбуць, дзе будучы пісьменнік жыў з сям'ёй ад 1890 года і якую ён апісаў у паэме «Новая зямля» пад назвай «Парэчча». За некалькі кіламетраў, у Смольні, жылі маці, дзядзька, браты і сёстры літаратара. Менавіта тут у 1912 годзе ўпершыню сустрэліся Якуб Колас і Янка Купала. Хутар Ласток, дзе захаваўся аўтэнтычны дом, у якім з трох да васьмі гадоў жыў Якуб Колас, аддзяляе ад Смольні каля 8 кіламетраў. Тут захаваліся дом, хлеў, гумно — усе яны стаяць з тых часоў, калі тут жыла сям'я Міцкевічаў. Адзін з пакояў дома аддадзены пад музейныя экспанаты.

У 1990 годзе ў в. Пінкавічы запрацаваў музей Якуба Коласа. На адкрыцці прысутнічаў сын Коласа.

У сярэдзіне 1980-х г. пачалі ладзіцца навуковыя чытанні, па выніках якіх выдаецца зборнік «Каласавіны» (ад 1986), прысвечаны жыццёваму і творчаму шляху Коласа. У снежні 2006 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Я.Коласа атрымаў грант ЮНЕСКА на правядзенне міжнароднай навуковай канферэнцыі «Каласавіны» ў лістападзе 2007, а таксама на выданне мультымедыйнага зборніка «Каласавіны». Апроч таго, на гэты грант павінен быць выданы каталог твораў мастацтва (жывапісу, графікі, скульптуры), прысвечаных Якубу Коласу.

Вывучэннем жыцця і творчасці паэта займаецца адна з галін беларускай літаратурнай навукі — коласазнаўства. Творы Я. Коласа перакладзены больш чым на сорак моў свету.