П’еса “Раскіданае гняздо”

Подробное решение Страница 220стр. по литературе для учащихся 9 класса, авторов Рагойша В.П., Шамякiна Т. I. 2011



1. Раскрыйце сацыяльна-філасофскі, гуманістычны змест «Раскіданага гнязда».

Змест п’есы не толькі ў паказе дадзенага трагічнага выпадку ці вынішчэння ўсяго сямейнага «гнязда» ў выніку наступу капіталістычнага ладу, а выяўленне шляхоў самазахавання сям’і, шырэй — нацыі, чалавечага калектыву ўвогуле. Янка Купала, які перажыў ужо крывавыя падзеі рэвалюцыі 1905—1907 гадоў і жорсткай паслярэвалюцыйнай рэакцыі, добра ўсведамляў прычыны і вынікі ўсіх форм барацьбы за заха-ванне людзьмі сваіх «гнёздаў». Пісьменнік прадчуваў наступ новых падобных, а можа нават больш страшных катаклізмаў ХХ стагоддзя, якія неўзабаве і пачаліся (у 1914 г. — Першая сусветная вайна, рэвалюцыя 1917 г., грамадзянская вайна 1918—1921 гг. і інш.). І ён як мастак-гуманіст за канкрэтным прыватным выпадкам «убачыў усю Беларусь у вобразе аграмаднага раскіданага гнязда, забранага краю, дзе ўладарыла чужая воля» (С. Лаўшук). Сям’я Зяблікаў пад пяром пісьменніка стала своеасаблівым сімвалам усяго беларускага народа. Што можна (менавіта можна, а не трэба) рабіць, каб захаваць і ўласнае «гняздо», і ўвесь родны край — гэтай думкай жыў Янка Купала ў пачатку ХХ стагоддзя.

2. Што вы можаце сказаць пра жанр, асноўны канфлікт, кампазіцыю п’есы?

Жанр сваёй п’есы Янка Купала вызначыў як «драму ў пяці актах». У свой час, маючы на ўвазе яе выразны лірызм, сімвалізм, яскравую метафарычнасць мовы, напоўненасць «паэзіяй у прозе», Змітрок Бядуля назваў п’есу «паэмай». Магчыма, правы і тыя, хто лічаць «Раскіданае гняздо» трагедыяй (вешаецца Лявон, вар’яцее Зоська, разбураецца хата, сям’я вымушана ісці «ў свет» з роднага кута). Своеасаблівасць твора ў тым, што драматург, яўна сімпатызуючы Сымону, яго выбару жыццёвага шляху, а тым самым выяўляючы і сваю аўтарскую пазіцыю, не ганьбіць і іншых дарог.

асноўная праблема п’есы — праблема зямлі, крыніцы існавання селяніна, а тым самым — і яго волі, свабоды.

Станоўчым вобразам п'есы проціпастаўлены Паніч, разбешчаны нікчэмны малады чалавек, які сагнаў Зяблікаў з зямлі, загадаў разбурыць іх хату, зняславіў Зоську. Але Зяблікі ў канфлікце не толькі з Панічом, вобраз якога ў творы эпізадычны. Яны ў канфлікце і з падкупленымі і споенымі сведкамі на судзе, якія далі хлуслівыя паказанні, і з самім судом, што абараняе інтарэсы тых, хто мае ўладу.

П'еса мае моцную драматычную спружыну, яна востраканфліктная. Вобразы твору раскрытыя з вялікай мастацкай сілай. Персанажаў нельга адарваць ад побыту, ад тых рэчаў, што іх атачаюць. Разам з тым твор глыбока паэтычны, мае высокае рамантычнае гучанне. У ім ідэяльна дасягнуты сінтэз побыту, паўсядзённасці і вялікай паэзіі, канкрэтнага і агульнага. Звычайныя рэчы (кветкі, вянок, торбы, скрыпка, сякера) набываюць у п'есе сімвалічнае значэнне.

3. У чым заключаецца «праўда» Сымона, Зоські, Данілкі, Марылі і Старца?

П’еса вылучаецца і тым, што сярод вобразаў-персанажаў нельга выдзеліць галоўнага, у кожнага — свая асабістая, і ў той жа час тыповая, надзвычай балючая жыццёвая драма, у кожнага — свой выбар, свой шлях.

Сымон — асноўны вобраз твора. У ім адчуваецца дух бунтарства і непакорнасць уласцівы яму ад нараджэння. У яго характары шмат рашучасці, імпульсіўнасці. Ён часта хапаецца за сякеру, каб бараніць свой гонар, адстойвае сваё дабро. Сымону не хапае адметнасці, непаўторнасці, умення жыць сваім розумам. Сіла ў Сымона ёсць, але няма трывалай духоўнай асновы, якая магла б накіраваць гэтую сілу. У спадчыну яму дасталося моцнае адчуванне знітаванасці з зямлёй. Калі сувязь з зямлёй рвецца, Сымон сапраўды гатовы адважыцца на ўсё, нават на забойства. Гэта ён адчувае і пачынае сам баяцца сваёй гатоўнасці. У такім стане ён творыць акт помсты: падпальвае панскі маёнтак. Зразумела, што гэта не ўсведамленне грамадзянскага ўчынку, а пакуль што інстынктыўная помста. Ён мяняе сякеру на паходню і на Вялікі Сход ідзе быццам не па сваёй волі, нібыта чужая рука, воля, мацнейшая за ягоную, вядуць яго за сабой. Ці прывядзе да мэты гэты шлях? Адказ не можа быць адназначным. Сымон гатоў стаць у шэрагі змагароў, якія здабываюць волю і долю, ахвяраваць сабой. У драме гэта адзін з варыянтаў пошуку, але далёка не адзіны.

Зося — яе лёс драматычны. Натура ўражлівая, сентыментальная, яна знаходзіцца ў палоне дзівосных сноў і мар. Яе вабяць кветкі, луг, поле — усё прыгожае, паэтычнае. Але светлыя памкненні Зосі ўступаюць у разлад з суровай рэчаіснасцю. Яна і Паніча пакахала, таму што ён прыгожы. Зося — чалавек добрай душы, а такія людзі звычайна кахаюць вельмі моцна. Даверлівая, чулая, яна не можа вынесці здрады Паніча і спрабуе павесіцца паблізу палаца, каб такім чынам выказаць пратэст супраць панічовай здрады. Але яе ратуюць. Як бы прасвятлеўшы, глядзіць Зоська на пажар. Яна разам з Сымонам ідзе на Вялікі Сход.

Данілка — падлетак, не па гадах разумны, разважлівы. Яго, як і Зоську, вабіць прыгожае, на працягу ўсёй п'есы ён майструе скрыпку. I калі бацька разбівае скрыпку, Сымон пагражае зрабіць новую. Ясна адно: без скрыпкі для Данілкі свет «не гучыць» — без музыкі няма гармоніі ў тым малым свеце, што яго акружае, як і ва ўсім Сусвеце. Шлях, абраны Данілкам, — гэта шлях музыкі, творцы. Данілка — увасабленне таленавітасці ўсяго беларускага народа. Ён, падлетак, пайшоў не за Сымонам і Зоськай, але за маткаю і Старцам. У гэтым выбары ёсць свая рацыя: Данілку патрэбна не канчатковая мэта шляху, а сама дарога, магчымасць убачыць свет і, вядома, удосталь найграцца на новай скрыпачцы. Вынік гэтага шляху невядомы, але абсалютна ясна адно: марным, бязмэтным гэты шлях не будзе.

Своеасаблівы шлях развіцця праходзіць у п'есе жонка Лявона Марыля. Яна цяжка хворая, прыкаваная да ложку. Але калі памірае Лявон, Марыля ўстае з пасцелі. Гэта сімвалічна: калі гінуць у змаганні бацькі, на іх месца становяцца маці. Калі ў фінале п'есы Марыля разам з малодшымі дзецьмі пакідае родную хату, яе ўчынак не ўспрымаецца як капітуляцыя перад жыццёвымі нягодамі. Ходзячы ад хаты да хаты, Марыля будзе расказваць людзям пра самавольства паноў, пра несправядлівасць на зямлі.

Паказальна, што Марыля выпраўляецца ў вандроўку разам са Старцам, чалавекам бліскага да яе лёсу. Ён таксама раней меў свой кавалак зямлі, але яго адтуль сагналі. Дасведчаны чалавек, Старац нясе людзям векавую народную мудрасць. Ён умее выслухаць чалавека, паспагадаць яго бядзе, даць разумную параду. Старац сее сярод людзей дух непакоры, нязломнасці перад выпрабаваннямі лёсу.

Шляхі Зяблікаў разбегліся, але тупіковых пуцявін тут няма. Усе шляхі могуць прывесці да адной мэты — да пошуку і аднаўлення «раскіданага гнязда» — Бацькаўшчыны, да набыцця людзьмі страчанай чалавечай годнасці. Разбурылі не толькі хату Зяблікаў, «раскіданым гняздом» была ўся тагачасная Беларусь. Адсюль і сэнс назвы твора.

4. Вызначце кампаненты рэалізму, рамантызму і сімвалізму ў драме.

У п’есе рэалістычнае арганічна спалучана з рамантычным і сімвалічным. За выключэннем некалькіх вобразаў (чыста рэалістычнага — Паніча, рамантычна-рытарычнага — Незнаёмага, умоўнай пазасюжэтнай фігуры смока-ўпыра), усе яны адначасова і рэалістычна-канкрэтныя, і рамантычна-прыўзнятыя, і сімвалічна-абагульненыя.

Рэалізм:

Рэалістычны сам сюжэт п’есы.

Рамантызм:

Вобразы Данілкі, Зосі, Сымона, Марылі і г.д.

Сімвалізм:

Сімвалічная назва “Раскіданае гняздо”, з’яўляецца знакавай і заўвага драматурга аб часе дзеяння: “рэч дзеецца ў 1905 годзе”, г.зн. напярэдадні першай буржуазнай рэвалюцыі, сям’я Зяблікаў – сімвал усяго беларускага народа. Сівалічныя рэчы, што выступаюць у функцыі мастацкіх дэталей: хата, якую разбураюць дворныя работнікі; тапор у руках Сымона; крыж, які ён робіць і ставіць на магіле бацькі; кветкі ў руках і вянок на галаве Зоські; скрыпка, якую ладзіць Данілка; жабрачыя торбы, якія шые Марыля, носіць Старац.

5. Што вы ведаеце пра сцэнічнае ўвасабленне п’есы?

Разумеючы сацыяльную і палітычную вастрыню п'есы, Я. Купала нават не звяртаўся ў царскую цэнзуру па дазвол на яе публікацыю і пастаноўку. П'еса ўбачыла свет толькі пасля падзення царызму. П'еса адыграла значную ролю ў станаўленні і развіцці беларускага прафесійнага тэатра. Упершыню п'еса была пастаўлена Ф. Ждановічам 10 ліпеня 1917 года ў Мінску Першым беларускім таварыствам драмы і камедыі ў памяшканні гарадскога тэатра.

У Мінску ў 1921 годзе 14 красавіка адбылася прэм'ера «Раскіданага гнязда» ў Беларускім дзяржаўным тэатры. Спектакль быў перанесены Ф. Ждановічам з Першага беларускага таварыства драмы і камедыі ў сваёй пераважна побытавай трактоўцы.

«Раскіданае гняздо» шмат ставілі аматарскія тэатральныя калектывы: сярод іх — гурток Мінскага рабочага клуба, аматарскі гурток у Глуску. Нягледзячы на забарону польскіх уладаў, п'еса ставілася і ў Заходняе Беларусі: у в. Заполле Карэліцкага раёна і ў в. Чапялёва Слонімскага раёна. У 1920-я гады п'есу іграў у Латвіі Дзвінскі беларускі народны тэатр.

Новае сцэнічнае жыццё «Раскіданаму гнязду» даў Беларускі тэатр імя Я. Коласа. Прэм'ера спектакля адбылася ў Віцебску 13 снежня 1951 года.

Пасля пастаноўкі п'есы ў Віцебску да яе звярнуліся шматлікія аматарскія тэатральныя калектывы: Магілёўскі народны тэатр Дома культуры чыгуначнікаў, драматычныя гурткі Віцебскага дыванова-плюшавага камбінату, в. Бокшыцы Слуцкага раёна. Значнай падзеяй стала пастаноўка п'есы Мазырскім народным тэатрам (рэжысёр М. Колас). Яна атрымала высокую ацэнку ў Маскве ў 1967 годзе на Усесаюзным аглядзе народнага тэатра.

У 1972 годзе новае прачытанне п'есы прапанаваў Нацыянальны тэатр імя Я. Купалы. У 1982 годзе да 100-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы спектакль быў пастаўленыЛьвоўскім украінскім тэатрам імя М. Занькавецкай(укр.) бел.

Свой унёсак ва ўвасабленне творчай задумы Я. Купалы ў сваіх спектаклях таксама зрабілі Нацыянальны тэатр імя Максіма Горкага, Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы,Гродзенскі абласны драматычны тэатр, Мазырскі драматычны тэатр і інш.

6. У чым і як выявілася аўтарская пазіцыя ў п’есе «Раскіданае гняздо»?

Сымон — галоўная дзейная асоба п’есы. Яго вуснамі, яго ўчынкамі ў вялікай ступені Янка Купала выказаў і сваю, аўтарскую, пазіцыю ў адносінах да пэўных сацыяльных падзей і з’яў. Прыгадаем, што тыя самыя словы-заклікі вызначылі не толькі тэматыку, а нават назву верша песняра («На сход!») у пераломны момант гісторыі нашага народа — у самым кан-цы 1918 года, калі вырашалася пытанне аб утварэнні БССР, а гэта значыць — быць ці не быць Беларускай дзяржаве на палітычнай карце свету. Да ўсіх дзейных асоб драматург ставіцца са зразумелай увагай і разуменнем, але найбольшыя сімпатыя ў яго — на баку Сымона.