Палымяным словам публіцыста

Подробное решение Страница 157стр. по литературе для учащихся 9 класса, авторов Рагойша В.П., Шамякiна Т. I. 2011



1. Дзе і як Ф. Багушэвіч набываў вопыт публіцыстычнай творчасці?

Ф. Багушэвіч з 1885 года пачаў супрацоўнічаць з пецярбургскім часопісам «Край», адточваючы сваё пяро публіцыста. Віленскі карэспандэнт пісаў пра эканамічны крызіс, гаспадарчае жыццё і судовую практыку ў Паўночна-Заходніх губернях. За сем гадоў (1885—91) «Край» змясціў звыш паўсотні артыкулаў і нататак, якія дасылаў Францішак Багушэвіч, падпісваючы іх рознымі псеўданімамі: Huszicz (утворана ад скарачэння прозвішча), Ten, Tamten, Demos і інш. Яго віленскія допісы саркастычныя і балюча-праўдзівыя, статыстычна-інфармацыйныя і ярка публіцыстычныя. Праз іх выкоўвалася, сталела, удасканальвалася майстэрства Багушэвіча-публіцыста. Выступленні Ф. Багушэвіча на старонках «Краю» ў канцы 1880-х спыніліся і амаль канчаткова перарваліся. Разрыў супрацоўніцтва трэба разумець як нежаданне пісьменніка падтрымліваць згодніцкую палітыку, да якой схіляліся польскія ліберальныя дзеячы.

2. Раскажыце, як у «Прадмове» да «Дудкі беларускай» Ф. Багушэвіч даказваў, што беларуская мова «такая ж людская і панская», як і іншыя еўрапейскія мовы.

На першай старонцы сваёй «Дудкі беларускай», перад вершамі, ён змясціў «Прадмову. Ад імя кемлівага і дасціпнага селяніна Мацея Бурачка (гэта прозвішча-псеўданім стаяла не толькі на вокладцы кніжкі, але пад «Прадмовай») ён найперш распачынае гутарку «аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове». Як слушна сцвярджаецца ў «Прадмове», «пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы». Такім чынам, мова — адзенне душы. Якое глыбокае і разам з тым афарыстычнае выказванне! Аднак нашу мову, як піша Мацей Бурачок, «мы самі, ды і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя “мужыцкай” завуць». І калі б хто захацеў «цыдулку ці да бацькі лісток напісаць па-свойму, дык, можа б, і ў сваёй вёсцы людзі сказалі, што “піша па-мужыцку”, і як дурня абсмяялі б». І вось ён гэтым «цёмным» людзям, магчымым чытачам кніжкі, спакойна даводзіць няслушнасць такіх меркаванняў. Пры гэтым адкрыта прызнаецца, што і сам калісьці думаў, што «наша мова — “мужыцкая”», а гэта значыць — горшая за іншыя, непрыгожая, немілагучная. Думаў да таго часу, пакуль навучыўся «чытаць-пісаць», пакуль не паездзіў па свеце, пакуль, чытаючы кніжкі на іншых мовах і чуючы замежную гаворку, не пераканаўся, што «мова нашая ёсць такая ж людская і панская, як французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая». Пісьменнік узгадвае гэтыя мовы, бо яны ў той час у Еўропе лічыліся эталоннымі, самымі прыгожымі і дасканалымі. Нават польскае панства і рускае чынавенства дзеля іх пагарджала сваімі роднымі мовамі, старалася размаўляць па-французску ці па-нямецку. Мацей Бурачок з усёй эмацыянальнасцю абараняе родную мову, «бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам». Уталкоўвае сялянам, што называць яе трэба не «мужыцкай», а «беларускай» (гэтае слова нават вылучана ў «Прадмове»). Пры гэтым ён адрасуецца не толькі да эмоцый, але і да розуму, ведаў. Так, ён прыгадвае часы Вялікага Княства Літоўскага, у якім беларуская мова была дзяржаўнай, сцвярджае, што чы-таў «ці мала старых папераў па дзвесце, па трыста гадоў таму пісаных у нашай зямлі і пісаных вялікімі панамі, а нашай мовай чысцюсенькай, як бы вот цяпер пісалася». Відавочна, ён меў на ўвазе «Статут Вялікага Княства Літоўскага», шматлікія дакументы, напісаныя ў ХІV—ХVІ стагоддзях на старабеларускай мове. Зразумела, простым сялянам гэтыя выданні былі недаступныя, але яны мусілі верыць (і верылі) свайму супляменніку. Як верылі і тады, калі ён прыводзіў прыклады духоўнага адраджэння іншых славянскіх народаў — балгараў, харватаў, чэхаў, украінцаў і «другіх пабратымцаў нашых», якія ўжо мелі — у адрозненне ад беларусаў — «па-свойму пісаныя і друкованыя ксёнжачкі і газэты, і набожныя, і смешныя, і слёзныя, і гісторыйкі, і баечкі».

3. Як вы разумееце словы Ф. Багушэвіча, што «гаворка, язык і ёсць

адзежа душы»? Давядзіце слушнасць закліку пісьменніка: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!».

Згодна са словамі Ф. Багушэвіча, адраджэнне народа пачынаецца з адраджэння мовы, з набыццём ёю грамадскага статусу, з выкарыстання мовы ў друку, справаводстве, мастацкай літаратуры, у розных сферах культуры, адукацыі, навукі. У той жа час знікненне народа звязваецца са знікненнем яго мовы. Вуснамі Мацея Бурачка, селяніна, якому асабліва павінны давяраць такія ж сяляне-чытачы, ён нагадвае, што «шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі». Каб, не дай Божа, не здарылася гэтага, аўтар «Дудкі беларускай» заклікае, умольвае: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!»

4. Чаму ў часы Ф. Багушэвіча патрэбна было адстойваць саму назву нашай краіны «Беларусь» і як ён гэта рабіў?

Другая актуальная праблема, на якую звярнуў увагу пісьменнік, была назва тых зямель, на якіх жылі беларусы.З 1840 года яны афіцыйна ў Расійскай імперыі сталі называцца «Северо-Западным краем». Неафіцыйна ж, па традыцыі, губерні Віленская, Гродзенская і Мінская называліся Літвой, а Магілёўская, Віцебская і Смаленская — Беларуссю. І вось кемлівы і дасведчаны Мацей Бурачок адпрэчвае, з аднаго боку, назву «Літва», з другога боку — «Северо-Западный край», даводзіць, што ўсюды трэба карыстацца адной назвай — «Беларусь». Каб не было ніякага сумнення ў правільнасці сваіх меркаванняў, Мацей Бурачок звяртаецца да гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, якое ў перыяд свайго росквіту працягнулася «ад Балтыцкага мора ўдоўжкі аж да Чорнага», а ў сярэдзіне яго, «як тое зярно ў гарэху, была наша зямліца — Беларусь». Паходжанне ж самой гэтай назвы тлумачыцца ім на эмацыянальным узроўні: «Не вялікая, не малая, не чырвоная, не чорная яна была, а белая, чыстая: нікога не біла, не падбівала, толькі баранілася». Мацей Бурачок гэтым выказваннем далучаецца да адной з версій паходжання назвы Белая Русь, на з якой частку Старажытнай Русі, а менавіта цяперашнія беларускія землі, назвалі так таму, што яны не былі заваяваны мангола-татарамі, заставаліся чыстыя (белыя) ад захопнікаў. Зразумела, гэта толькі адна з версій. Аднак «Прадмова» — твор публіцыстычны, а не навуковы, і ў ім не меншае значэнне, чым навуковы доказ, мае мастацкі домысел, вобразны выклад думкі, эмацыянальнае ўздзеянне на чытача.

5. Як вызначаў этнічныя межы Беларусі Ф. Багушэвіч? Адшукайце ў даступных вам выданнях «Карту беларускага племені» акадэміка Я. Карскага, супастаўце яе з развагамі пісьменніка.

Аўтар «Прадмовы» акрэслівае межы Беларусі. Ён канкрэтна адказваў на пытанне: «Гдзе ж цяпер Беларусь?» Разуменне «мова — народ» ён лагічна разгортваў у трыяду «мова — народ — краіна» і адказваў на гэта пытанне наступным чынам: «Там, братцы, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільна да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…» Гэта акрэсленне Беларусі, па сутнасці, супадае з вывадамі буйнога вучонага, заснавальніка беларусазнаўства акадэміка Яўхіма Карскага, які прыблізна ў той самы час даследаваў розныя гаворкі беларускай мовы і складаў сваю вядомую «Карту беларускага племені».