Подробное решение Страница 112стр. по литературе для учащихся 9 класса, авторов Рагойша В.П., Шамякiна Т. I. 2011
1. Якую ідэйна-эстэтычную накіраванасць мае паэма «Тарас на Парнасе»?
Паэма па праве лічыцца адным з высокамастацкіх твораў народнай паэзіі. І сапраўды, твор адрозніваецца глыбінёй мастацкай ідэі і арыгінальнасцю літаратурнай формы, вастрынёй сатыры і добрага гумару, жвавасцю і непасрэднасцю народнай думкі. Якiм шляхам пойдзе маладая беларуская лiтаратура, на якiя мастацкiя ўзоры будзе арыентавацца - пра гэта сведчыць паэма. Галоўны пафас паэмы заключаецца ў сцвярджэннi перадавых поглядаў на лiтаратуру, высмейванне псеўданароднасцi i абароне сапраўднай народнасцi. Паэма сцвярджала права беларускага народа мець сваю лiтаратуру на роднай мове. Вобразамi i карцiнамi даводзiла, што свет народнага жыцця вельмi цiкавы, варты самай пiльнай увагi пiсьменнiкаў. Аўтарская сатыра ў творы скiравана не на дваранскi класiцызм, а на тыя з'явы, што перашкаджалi развiццю прагрэсiўнай лiтаратуры ў час напiсання паэмы. «Тарас на Парнасе» прызнана адной з найбольш патрыятычных паэм беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя.
2. Прасачыце, як у творы вырашаецца пытанне народнасці літаратуры.
Паэма «Тарас на Парнасе» ўсім сваім ідэйным зместам самым цесным чынам звязана з барацьбой, якая разгарнулася вакол пытання аб народнасці літаратуры. Парадыйнасць твора скіравана супраць «афіцыйнай народнасці» (яе сэнс перадае формула «самадзяржаўе, праваслаўе і народнасць»,
г. зн. праслаўленне царызму і апраўданне прыгонніцтва). Прыхільнікамі і прапагандыстамі «афіцыйнай народнасці» былі выдаўцы газеты «Северная пчела» Ф. Булгарын і М. Грэч. Пісьменнікі-рэакцыянеры ў сваёй дзейнасці імкнуліся прыстасаваць літаратуру да абароны інтарэсаў «вышэйшых» саслоўяў. Аўтар паэмы крытычна ставіцца да прыслужнікаў самадзяржаўя, паказвае іх у карыкатурным выглядзе. Напрыклад, Булгарына:
Гляджу сабе — аж гэта сівы,
Кароткі, тоўсты, як чурбан,
Плюгавы, дужа некрасівы,
Крычыць, як ашалелы, пан.
Сапраўдныя творцы — Пушкін, Лермантаў, Жукоўскі, Гогаль — вялі рашучую барацьбу супраць такой літаратуры. Пра народных пісьменнікаў аўтар вуснамі свайго героя, палясоўшчыка Тараса, гаворыць з вялікай сімпатыяй, падкрэслівае глыбокую павагу да іх: «чатыры добрых малайцы» ўзносяцца на Парнас. Перад прагрэсіўнымі пісьменнікамі за іх палкае служэнне народу і паслядоўнае адстойванне прынцыпаў на роднасці ў літаратуры народ пачціва «раздаўся на канцы».
3. Пакажыце, як выяўляецца асноўная ідэя паэмы ў вобразе Тараса.
Узвядзенне Тараса на Парнас — будучы ўзлёт беларускай літаратуры. Паводле трапнай заўвагі Алега Лойкі, «паэма стала і патрыятычнай песняй, выражэннем любові да роднага слова, марай аб вялікім будучым беларускай літаратуры, паэтызацыяй узыходжання яе на Парнас».
Нараджэнне новай, эстэтычна багатай беларускай літаратуры патрабавала і адкрыцця яе галоўнага героя. Побач з «вечнымі», старажытнымі, класічнымі вобразамі з’яўляецца «свой», народны герой. Багі зніжаюцца («Як тараканы каля хлеба, // Багі паселі ўкруг стала»), прыпадабняюцца да сваіх, селянін жа ўздымаецца ўверх. Роўным сярод роўных адчувае сябе палясоўшчык Тарас сярод небажыхароў: трымаецца з годнасцю, не саромеецца таго, што ён «не пісацель», а «палясоўшчык з Пуцявішча». Патрапіўшы на Парнас і апынуўшыся ў незвычайных абставінах, Тарас не разгубіўся: прыродная кемлівасць, абачлівасць, практычны розум дазволілі яму з гонарам выйсці са складанай сітуацыі. Пайшоўшы ў скокі, нават здзівіў багоў — так гожа ў яго атрымалася: «Як стаў прыстуківаць атопкам, // Аж рот разінулі багі». Праз сцэну скокаў пісьменнік вырашае надзённую праблему — багі звярнулі ўвагу на танец селяніна, г. зн. на новую беларускую ітаратуру, якая робіць сваім галоўным героем селяніна.
4. Назавіце тыповыя рысы народнага характару, увасобленыя ў вобразе Тараса. Чым прываблівае вас гэты вобраз?
Вобраз Тараса падаецца ў развіцці як праз аўтарскія характарыстыкі, так і праз аповед самога героя. Спачатку адзначаецца рахманасць (пакорлівасць), цягавітасць, стараннасць героя ў адносінах да сваёй службы: ён «балота з рання да цёмнай ночы пільнаваў». Пасля ўсяго перажытага падчас парнаскіх прыгод штосьці змянілася ў душы героя. Гэта ўжо не той ранейшы руплівы служка сваіх гаспадароў, як на пачатку твора. Аўтар заўважае:
З тых пор Тарас ужо не ходзіць
Так дужа рана па лясах,
А дзеля гэтага не шкодзіць
Бярвенне красці па начах.
Тарас — паўнавартасны мастацкі вобраз, які пачынаў сабой у нашай літаратуры цэлую галерэю нацыянальных характараў. У ім аўтар увасобіў лепшыя рысы беларускага сялянства: працавітасць, дасціпнасць, гумар, далікатнасць. Ён з непадробным дабрадушным гумарам распавядае пра свае прыгоды:
Узлез к багам тады я ў хату...
Авохці мне! Ні даць ні ўзяць
Як у казарме там салдатаў —
Багоў — не можна сашчытаць!
Гэтак жа натуральна, нязмушана герой дае ацэнку ўсяму ўбачанаму і пачутаму ім на Парнасе, пры гэтым не даходзіць у ацэнках да абразлівых характарыстык, як патрабуе таго беларускі этыкет, народныя нормы паводзін. Па сваім характары герой паэмы блізкі да такіх каларытных літаратурных персанажаў, як Санча Панса («Дон Кіхот» М. Сервантэса), Кала Бруньён («Кала Бруньён» Р. Ралана). У сваю чаргу, блізкія Тарасу-палясоўшчыку вобразы будуць з’яўляцца ў лепшых творах беларускай літаратуры і пазней: стары ляснік Грышка з «Паляўнічых акварэлек з Палесся» Янкі Лучыны, дзядзька Антось з «Новай зямлі» Якуба Коласа.
5. Акрэсліце ролю міфалагічных персанажаў у раскрыцці тэмы і ідэі твора. Растлумачце, які сэнс мае карціна жыцця багоў на Парнасе.
На Парнасе герой трапляе ў палац, дзе жывуць багі. Гэта звычайны сялянскі двор. Багі жывуць у звычайнай хаце, апранаюцца ў сялянскае адзенне, займаюцца гаспадаркай, ядуць звычайныя стравы, гавораць на простай сялянскай мове. Не спадабаліся Тарасу разбэшчаныя, схільныя да п'янства Зеўс, Бахус, Амур. I толькі да Гебы, якая вядзе ўсю гаспадарку, Тарас ставіцца з сімпатыяй і спачуваннем. Але багі — не прадстаўнікі народа. У паводзінах і характерах багоў выразна выступаюць рысы людзей іншага асяроддзя — панскага. Ды і жывуць яны, як гаворыцца ў паэме, у «панскім двары», ядуць так, як простыя сяляне не елі нават на свята. На сялян багі падобны толькі знешне. Зеўс паказаны як разбэшчаны, схільны да п'янства, уладалюбны чалавек. Венера — таксама вобраз вельмі няпросты. Часам здаецца, што гэта звычайная вясковая красуня, прыгожая і абаяльная.
Прыгожа, стройна цераз меру, Пяром не можна апісаць.
I адзенне ў Венеры як у вясковай красуні. Але аўтар паказвае яе зусім іншай, «чырвонай, тоўстай», калі Венера занята толькі сабой і круціцца перад люстэркам.
Во перад люстрам задам меліць
I маслам мажа валасы,
Ды нечым белым твар свой беліць.
Тут мы ўжо бачым Венеру не простай дзяўчынай, а пані.
З дапамогай травестыцыі, праз парадзіраванне парнаскіх багоў, якія толькі сваім знешнім выглядам нагадваюць сялян, аўтар выкрывае ілжывую гульню афіцыйнай літаратуры ў народнасць. Бог мораў Нептун «на лаўцы чыніць сеці»; бог кахання Амур іграе на жалейцы і спявае дзяў-чатам песні; багіня кахання Венера — звычайная вясковая красуня, а багіня Геба ўвогуле паказана як служанка: «Яна ў найміткі ў неба ўзята, // Каб есць варыць і плацце мыць…»
6. У чым вы бачыце асаблівасць сюжэта, кампазіцыі і жанру «Тараса на Парнасе»? Які фальклорны жанр, на вашу думку, найбліжэй стаіць да паэтыкі твора?
Сюжэт паэмы адпавядае аднаму з класічных літаратурных узораў — «Боскай камедыі» Дантэ Аліг’еры, фантастычнай гісторыі вандраванняў паэта па тым свеце. Падобныя матывы знаходзім і ў аўтараў Антычнасці — Авідзія, Стацыя і інш. Вергілій адправіў свайго Энея на той свет, каб герой набраўся мудрасці і мужнасці. Такі прыём скарыстаў рускі паэт Аляксандр Твардоўскі, ствараючы паэму «Цёркін на тым свеце».
У кампазіцыйных адносінах паэма «Тарас на Парнасе» набліжаецца да народнай казкі, дзе абавязкова ёсць зачын, неверагодны сюжэт і канцоўка. Літаратуразнаўца Алег Лойка адзначае выключную кампазіцыйную зладжанасць паэмы: «Падзейная частка яе ўзята ў “рамку” сіметрыі... Рэ-альны план вельмі натуральна пераходзіць у гэтым расказе ва ўмоўны, умоўны — зноў у рэальны». Рэальнымі з’яўляюцца паляванне і служба Тараса, адносіны да яго пана і войта («...у ласцы быў у пана — // Яго пан дужа шанаваў. // Любіла тож Тараса й паня, // І войт ні разу не збрахаў...»), паэтызацыя працы і заняткаў беларускіх сялян. Казачнай (умоўнай) з’яўляецца сцэна пад гарой і на гары Парнас, дзе Тарас су-стракаецца з пісьменнікамі, антычнымі багамі. Такая кампазіцыя твора, дзе пераплятаецца рэальнае і казачнае, дазволіла аўтару смела выявіць уласную грамадзянскую пазіцыю і погляды на прызначэнне мастака і мастацтва ў жыцці народа.
Паэма «Тарас на Парнасе» мае падабенства з «Энеідай навыварат», але не з’яўляецца цалкам бурлескным творам. Хаця антычныя багі і «пераапрануты» ў сялянскую вопратку, паказваюцца ў неўласцівых, чужых ім умовах простанароднага жыцця і побыту, малююцца тут у камічным выглядзе. Бурлеск выкарыстоўваецца толькі часткова, як сатырычны прыём у абмалёўцы вобразаў багоў.
7. Вызначце месца «Тараса на Парнасе» ў гісторыі беларускай літаратуры. Чаму паэма стала «першай літаратурнай любоўю Беларусі»?
Тарас на Парнасе» — «лёсавызначальны для нашай літаратуры, жыццесцвярджальны для нацыі тэкст». Паэма адыграла вялікую ролю ў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў, у развіцці ўсёй беларускай літаратуры. У пэўным сэнсе яна стала маніфестам новай беларускай літаратуры. Паэма з’явілася крыніцай натхнення для сучасных беларускіх пісьменнікаў. У канцы 1980-х
гадоў была апублікавана паэма Францішка Ведзьмака-Лысагорскага «Сказ пра Лысую гару», у якой таксама ў форме дасціпнага жарту паказана жыццё сучасных пісьменнікаў. Натхнёны паэмай Канстанціна Вераніцына, драматург С. Кавалёў стварыў рымейк «Тараса на Парнасе», пазначыўшы свой драматургічны твор як «Народная забава з мядзведзем у дзвюх
дзеях».
У розныя часы паэму таленавіта ілюстравалі мастакі У. Гладкевіч, Н. Гуціеў, М. Малевіч, В. Славук і інш. Вядома, што на пачатку XX стагоддзя кампазітар І. Шадурскі працаваў над аперэтай «Тарас на Парнасе». Пазней па матывах паэмы створана аднайменная опера (М. Аладаў). Паэма «Тарас на Парнасе» перакладзена на рускую, украінскую, польскую, англійскую мовы.