Подробное решение Страница 79стр. по литературе для учащихся 9 класса, авторов Рагойша В.П., Шамякiна Т. I. 2011
1. Як можна характарызаваць эпоху Асветніцтва ў літаратуры Еўропы і Беларусі?
У другой палове ХVII — XVIII стагоддзі ва ўсёй Еўропе пачынаецца этап развіцця, які ў адносінах да Сярэднявечча і Адраджэння называецца Новым, а сама эпоха — эпохай Асветніцтва. Яна характарызуецца стратай у духоўным жыцці людзей улады рэлігіі і царквы, сцвярджэннем ідэй асве-ты, распаўсюджаннем адукацыі сярод усё большых колаў насельніцтва, фарміраваннем капіталістычных адносін. Усе названыя працэсы ў той ці іншай ступені закранулі і тэрыторыю Беларусі.
2. Якія асноўныя падзеі на тэрыторыі Беларусі адбываліся ў ХVIII — пачатку ХІХ ст.? Чым характарызуецца развіццё беларускай літаратуры ў ХІХ ст.?
У XVIII стагоддзі Беларусь уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай. Названая краіна была на той час самай дэмакратычнай у Еўропе, але аказалася падзеленай на часткі краінамі-суседкамі: Прусіяй, Аўстрыяй і Расіяй. (1772, 1793, 1795) тэрыторыя Беларусі была далучана да Расіі. Эпоха Асветніцтва – перыяд вялікага росквіту літаратуры. Яна ў гэты час найбольш унутрана хрысціянская, бо ўся прасякнута любоўю да чалавека. Калі раней героямі твораў былі ў асноўным цары, каралі, міфалагічныя персанажы, прадстаўнікі арыстакратыі, то цяпер літаратура сцвярджае ін-шага героя — «маленькага чалавека» (у тым ліку селяніна).
Аднак, на жаль, беларуская літаратура выглядала ў параўнанні з суседнімі, асабліва рускай і польскай, дастаткова бедна. На тое былі свае прычыны. У старажытны перыяд і ў эпоху Адраджэння беларуская літаратура мела значныя набыткі, але сувязі з гэтым перыядам былі аслабленыя, ды і традыцыі старажытнасці ў ХІХ стагоддзі — неактуальныя, бо гэта стагоддзе навукі, рацыяналізму, тэхнічных, матэрыяльных дасягненняў, а літаратура папярэдніх этапаў мела рэлігійную, значыць, духоўную накіраванасць. Не было з чаго вырастаць непасрэдна: народ, яго мова адмаўляліся. Але зусім знішчыць слова немагчыма. Вельмі павольна, на першы погляд незаўважна, літаратура на беларускай мове, спачатку дыялектнай, адваёўвала свае правы, адначасова сцвярджаючы рэалістычныя прынцыпы паказу рэчаіснасці. Узнік так званы асветніцкі рэалізм, які заявіў пра сябе спачатку ў тэатральным мастацтве, найперш у інтэрмедыях. Інтэрмедыі — яшчэ не камедыі ў нашым разуменні, інакш кажучы, не паўнацэнныя п’есы, а невялікія сцэнкі, якія, як мы ўжо ведаем, разыгрываліся ў перапынках паміж дзеяннямі драматычнага спектакля. Тэатральнае мастацтва было найбольш папулярным у XVIII стагоддзі. Буйныя прыватныя тэатры існавалі пры дварах знакамітых магнатаў, багатых памешчыкаў (Радзівіла ў Нясвіжы, Сапегі ў Ружанах, Агінскага ў Слоніме і інш.), але шырыліся і школьныя тэатры, звычайна адкрытыя езуіцкім каталіцкім ордэнам або праваслаўнымі брацтвамі.
Школьнікі ігралі драмы на рэлігійныя тэмы (гэта была добрая магчымасць для засваення біблейскіх сюжэтаў), а ў перапынках — у кантраст да высокіх тэм і вобразаў — пацяшаліся ў інтэрмедыях з сялян і некаторых прадстаўнікоў мяшчанскага саслоўя. З’яўляліся інтэрмедыі з дэмакратычнымі, на наша сённяшняе разуменне, сюжэтамі.
У канцы XVIII стагоддзя набылі вядомасць і драматургі — стваральнікі не проста інтэрмедый, а сапраўднага тэатра, што атрымаў назву школьнага. Школьны тэатр прывучаў насельніцтва да героя — простага чалавека, адначасова ўкараняў хрысціянскую мараль і асветніцкія ідэі.
У беларускай літаратуры XIX стагоддзя адначасова суіснуюць розныя літаратурныя напрамкі. Гэта было абумоўлена грамадска-палітычнымі прычынамі (двухмоўнасць - паколькі на беларускай мове забараняліся публікацыі, то развівалася літаратура на польскай мове). У той жа час тварылі пісьменнікі на польскай мове(Адам Міцкевіч і інш.) і пісьменнікі, якія пісалі адначасова на дзвюх мовах (Ян Чачот, В. Дунін-Марцінкевіч і інш.). Спалучэнне розных мастацкіх метадаў магчымым нават у творчасці аднаго і таго пісьменніка. Увогуле, для беларускай літаратуры уласціва выразнае размежаванне сентыменталізму і рэалізму.
Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя вылучаецца сваім гуманізмам, дэмакратызмам, праўдзівасцю, актуальнасцю тэматыкі, актыўнай зацікаўленасцю жыццём народа, даходлівасцю формы.
3. Дайце агульнае паняцце класіцызму, сентыменталізму, асветніцкага рэалізму.
Класіцызм арыентаваўся на класічныя традыцыі, на традыцыі Антычнасці — старажытнагрэчаскай і рымскай. Ішло фарміраванне нацыянальных дзяржаў, кансалідацыя іх, як правіла, пад абсалютнай уладай манарха, які ў барацьбе з арыстакратыяй абапіраўся на так званае трэцяе саслоўе — буржуа-зію, ужо моцную эканамічна, але пакуль слабую палітычна.
Сентыменталізм — Гэты літаратурны напрамак у процівагу класіцызму сваю ўвагу засяродзіў на паказе чалавечых пачуццяў, перажыванняў. Духоўны свет прадстаўніка ніжэйшых слаёў грамадства (шляхціца, селяніна) — адно з асноўных заваёў.
Асветніцкі рэалізм — сцвярджаў рэалістычныя прынцыпы паказу рэчаіснасці. Ён заявіў пра сябе спачатку ў тэатральным мастацтве, найперш у інтэрмедыях. У творах, скіраваных на пашырэнне прыярытэту асветы, навукі і розуму ў жыцці асобы, грамадства і краіны, увасабляўся асветніцкі рэалізм. Гэтыя творы ўзніклі на хвалі буржуазных рэвалюцый, навуковых адкрыццяў і былі падтрыманы філасофскімі вучэннямі пра вызначальную ролю свядомасці ў развіцці грамадства. У Беларусі ідэі Асветніцтва рэалізоўваліся і ў ХІХ стагоддзі.
4. Вызначце ідэйна-мастацкія асаблівасці паэмы «Энеіда навыварат».
«Энеіда навыварат» — парадыйна-сатырычная паэма; адзін з першых буйных твораў беларускай літаратуры новага часу.Напісана пасля 1812 і не пазней пач. 1830-х г. Да нас дайшоў толькі ўрывак з паэмы (палавіна 1-й песні). Першыя датаваныя спісы адносяцца да 1837, першая публікацыя — у пецярбургскім часопісе «Маяк» (1845), больш поўная — у «Смоленском вестнике» (1890). Большасць даследчыкаў лічыць, што паэма нарадзілася на заходняй Смаленшчыне, цесна звязанай з Беларуссю, яе аўтар В. Равінскі.
Паэма напісана ў жанры травесціі (гл. бурлеска) і парадзіруе «Энеіду» Вергілія. Прымыкае да шэрагу травесційных «Энеід», якія пачынаючы з XVII ст. ўзнікалі ў многіх еўрапейскіх літаратурах як дэмакратычная рэакцыя на класіцызм. Бліжэйшымі ўзорамі для аўтара «Энеіда навыварат» былі адпаведныя ўкраінскія (І. Катлярэўскага) і рускія (М. Осіпава) творы. У сваіх папярэднікаў ён запазычыў сюжэт (прыгоды легендарнага героя Энея), але стварыў арыгінальны твор, напоўнены рэаліямі беларускага жыцця часоў прыгонніцтва. Траянцаў — спадарожнікаў Энея — аўтар надзяліў рысамі прыгонных сялян, паказаў кемлівасць, працавітасць і жыццелюбівасць народа. Пад выглядам старажытных багоў (Юнона, Эол) і некаторых іншых персанажаў (Дыдона) выводзяцца памешчыкі і іх памагатыя.
Твор беларуса ўсё ж арыгінальны, мае выразны нацыянальны каларыт, які выявіўся ў шматлікіх апісаннях, напрыклад адзення, ежы, абрадаў. Так, багіня Венера, збіраючыся да Зеўса прасіць за свайго сына, «андрак1 з насоўкай апранула, // З падплётам ўздзела кавярзні, // Анучкі рабыя абула...» Цікавасць выклікаюць апісанні тыпова беларускіх страў, пра некаторыя з якіх мы сёння ўжо і забыліся, а таксама абрадаў, напрыклад валачобніцтва, таксама характэрнага менавіта для беларускага рэгіёну.
Эней — герой, яго справа — ваяваць і ўладарыць. Але суправаджаюць яго звычайныя беларускія сяляне, якія прадстаўляюцца царыцы Карфагена Дыдоне майстрамі на ўсе рукі: Піліп наш лепіць гарлачы, // Пракоп жа ступы, таўкачы, // А Саўка зелле ўсяка знае...» Чытач па гэтых прыкладах мог атрымаць уяўленне пра сапраўды высокае майстэрства беларускіх рамеснікаў, сялян, якія і сёння дэманструюць выдатную апрацоўку дрэва, умельства ў ганчарстве, ды нават і ў знахарстве.
Звычайна лічыцца, што ў вобразах багоў, паказаных у творы, В. Равінскі выкрывае бюракратычную сістэму тагачаснай Расіі. Наўрад ці ён меў на ўвазе выкрывальныя, сатырычныя мэты: ён паказваў уладароў такімі, якія яны ёсць, — дастаткова жорсткімі ў адносінах да простага чалавека («Юнона, баба злая, — адроддзя панскага, ліхая»). І па праўдзівым паказе мы якраз можам уявіць прыгонна-бюракратычную сістэму таго часу.
Аўтар прадэманстраваў дасканалае веданне беларускага фальклору, вялікія выяўленчыя магчымасці беларускай мовы (усходнебеларускія гаворкі). Твор багаты па танальнасці і фарбах. У паказе жыцця аўтар імкнецца да праўдзівасці, хоць гэта яшчэ не рэалізм у поўным сэнсе слова. «Энеіда навыварат» адыграла вялікую ролю ў станаўленні новай беларускай літаратуры і ўваходзіць у скарбніцу беларускай паэзіі.
5. Што такое травестыйная літаратура, бурлеск?
У заходніх краінах, ды і ў Расіі, калі сістэма класіцызму ўжо паступова разбуралася, бо замаруджвала развіццё іншых літаратурных метадаў і стыляў, пашырыліся спробы камічнага пераўвасаблення знакамітай паэмы антычнага паэта Вергілія «Энеіда». Узніклі шматлікія «пераробленыя вергіліі» — Поля Скарона, Алоіса Блумаўэра, Мікалая Осіпава. Вобразы праслаўленай паэмы — прыкладу для пераймання на працягу тысячагоддзяў — у названых аўтараў назнарок зніжаліся, паўставалі ў камічным выглядзе.
Такі прыём называецца травестыйны бурлеск. Літаральна слова «травестыя» азначае «пераапрананне». Травестыя глыбока ўкаранілася ў культуры заходніх краін з іх традыцыямі карнавалаў, падчас якіх усе ўдзельнікі пераапраналіся, і гэта давала магчымасць адчуваць сябе свабодна, зусім па-іншаму, чым у будзённым жыцці. Паняцце «бурлеск» таксама ўжывалася ў XVIII — пачатку XIX стагоддзя дастаткова часта: па-французску гэта «жарт».