Барока

Подробное решение Страница 73стр. по литературе для учащихся 9 класса, авторов Рагойша В.П., Шамякiна Т. I. 2011



1. Раскажыце пра прычыны ўзнікнення літаратурнага напрамку барока і яго асаблівасці.

У Беларусі барока было абумоўлена і сацыяльным змаганнем (антыфеадальныя рухі), і міжканфесійнымі спрэчкамі (паміж праваслаўем, каталіцтвам і ўніяцтвам), і праявамі контррэфармацыі, паланізацыі, і катастрафічнымі наступствамі для беларускіх зямель ваенных канфліктаў Рэчы Паспалітай з Маскоўскім царствам (1654—1667), падзеямі Паўночнай вайны (1700—1721). Усё гэта парушала гармонію, духоўнае адзінства народа, эстэтыку прыгожага, узнёслага і гераічнага, што вызначала эпоху Адраджэння. На месца суладдзя прыходзіла дысгармонія, на месца рацыянальнага — ірацыянальнае, падсвядомае. Мэта барока — уразіць гледача і чытача. Неад’емнымі яго якасцямі сталі тэатралізацыя, непрадбачаныя эфекты, злучэнне нечаканасцей у форме і змесце, супастаўленне кантрастаў, перавага крывалінейных, а не прамалінейных і сіметрычных абрысаў.

Барока рассунула рамкі, што скоўвалі літаратуру. Яно звярнулася да сродкаў, якія ішлі ад папярэдніх эпох, сінтэзавала сярэдневяковыя і рэнесансныя традыцыі, звярнула ўвагу і на фальклор. Барока абвастрыла цікавасць да чалавечай асобы, якая мітусіцца ва ўмовах быццам бы невырашальных рэлігійных, маральна-этычных і сацыяльных канфліктаў. Чалавек літаратуры барока, унутрана супярэчлівы, надзелены добрымі і заганнымі якасцямі, стаў больш рэальным, зямным, чым гарманічны і цэльны чалавек Ранняга Рэнесансу. Барока імкнулася выявіць трагічны гуманізм часу, хоць у розных краінах гэта раскрывалася па-рознаму.

2. Што характэрна для беларускай палемічнай літаратуры барока як жанру публіцыстыкі?

Барока абумовіла з’яўленне палемічнай літаратуры як асобнага жанру. У канцы ХVІ стагоддзя ў шматмоўнай літаратуры Беларусі распачалася спрэчка вакол мэт і прынцыпаў аб’яднання дзвюх хрысціянскіх канфесій — усходняй, праваслаўнай, і заходняй, каталіцкай. Асабліва яркі след у палемічнай літаратуры Беларусі пакінулі Іпацій Пацей, Хрыстафор Філалет, Мялецій Сматрыцкі, браты Стафан і Лаўрэнцій Зізаніі, Афанасій Філіповіч і інш. Адны з іх (Х. Філалет, С. Зізаній, Л. Зізаній, А. Філіповіч) у сваіх вострапубліцыстычных, разнажанравых творах (слова, казанне, катэхізіс, дыярыуш) абаранялі прынцыпы праваслаўя, рэзка выступалі супраць уз’яднання яго з каталіцызмам. Другія (І. Пацей) з не меншым пафасам і літаратурным майстэрствам даказвалі неабходнасць кампрамісу ўсходняй і заходняй цэркваў з захаваннем праваслаўнай абраднасці пры верхавенстве Папы Рымскага. Трэція, як М. Сматрыцкі, вагаючыся паміж гэтымі двума канфесійнымі палюсамі, урэшце прыходзілі да ўніяцтва. Палемічная барокавая літаратура Беларусі заслугоўвае ўвагі і з іншага боку. «Продкі беларусаў для “зняцця” натуральных супярэчнасцей і непазбежных канфліктаў — сацыяльных, этнічных, канфесійных, міжна-родных — абіралі не сілавыя, збройныя метады, не шлях фізічнага знішчэння ворага (апанента), а пераносілі барацьбу ў інтэлектуальную сферу, надавалі ёй формы свабоднай, адкрытай дыскусіі на старонках друкаваных і рукапісных твораў» (І. Саверчанка). Усе названыя вышэй аўтары вылучаліся не толькі своеасаблівым байцоўскім характарам, але і значным літаратурным талентам, высокай адукаванасцю. Пісьменнікі звярталіся да народнай творчасці (прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы, устойлівыя параўнанні), жывой гутарковай мовы. Стыль тэкстаў вызначаўся спалучэннем просьбаў, пытанняў, заклікаў, дакораў, асуджэнняў, зваротам да навацый тагачаснай паэтыкі і рыторыкі (вузкаўжывальная лексіка, розныя тропы, сінтаксічныя фігуры і г. д.), спакойны аповед у іх пераходзіў у з’едлівую сатыру, развага суседнічала з іроніяй і інш. Творы палемістаў насычаны фальклорнай, міфалагічнай і біблейскай сімволікай, зваротамі да заходнееўрапейскай гуманістычнай літаратуры.

3. Што вы ведаеце пра жыццёвы і творчы шлях Сімяона По-лацкага?

Сімяон Полацкі (1629—1680) . Нарадзіўся ён у Полацку (там цяпер узвышаецца велічны помнік асветніку), сапраўдныя яго імя і прозвішча — Самуіл Пятроўскі-Сітніяновіч. Са званнем дыдаскала (настаўніка) ён скончыў Кіева-Магілянскую калегію, затым паглыбляў веды ў Віленскай езуіцкай акадэміі. Тут, захапіўшыся ідэяй мірнага яднання хрысціянскіх цэркваў, уступіў ва ўніяцкі ордэн базыльян. У студэнцкія гады пачаў пісаць традыцыйныя для таго часу сілабічныя вершы на старабеларускай, стараславянскай, лацінскай і польскай мовах, абапіраючыся і на народную песенную лірыку. Навучанне Самуіла ў Віленскай акадэміі перапыніла вайна Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай. У 1655 годзе рускія войскі авалодалі Вільняй. Самуіл вяртаецца ў Полацк, пад імем Сімяон прымае манастырскі пострыг. Калі ў наступным годзе рускія войскі на чале з царом Аляксеем Міхайлавічам увайшлі ў Полацк, Сімяону даручылі выступіць перад рускім манархам з вітальнымі вершамі. Вершы цару спадабаліся, і гэта вызначыла далейшы лёс Сімяона. У 1664 годзе завяршаецца беларускі перыяд жыцця і творчасці Сімяона: па запрашэнні цара ён пераязджае ў Маскву, атрым-лівае афіцыйнае прозвішча Полацкі. Тут ён займаецца шырокай асветніцкай і літаратурнай дзейнасцю ў Маскве. Становіцца выхавацелем Пятра І, заснаваў тэатр і друкарні. Памёр Сімяон Полацкі раптоўна на 51 годзе.

4. Які ўклад унёс беларус Сімяон Полацкі ў рускую культуру і літаратуру?

У Маскве ён арганізоўвае ў адным з манастыроў лацінскую школу для служачых Прыказа тайных спраў, становіцца выхавальнікам і настаўнікам царскіх дзяцей, у тым ліку будучага цара Пятра І. Такім чынам, несумненная заслуга Сімяона Полацкага і ў фарміраванні еўрапейскасці светапогляду будучага расійскага дзержца, які «прасёк акно ў Еўропу». Дзейнасць Сімяона Полацкага характарызуецца гуманістычнымі і патрыятычнымі тэндэнцыямі. У стылі барока на стараславянскай мове, літаратурнай у тагачаснай Масковіі, ён піша новыя сілабічныя вершы (у тым ліку фігурныя: у выглядзе зоркі, крыжа, сэрца), байкі, паэмы, закладаючы тым самым асновы рускага прафесійнага вершаскладання. Заснаванае Сімяонам Полацкім сілабічнае вершаскладанне праіснавала ў рускай паэзіі да першай трэці ХVІІІ стагоддзя, да з’яўлення сілаба-танічнага верша ў выніку так званай рэформы Традзьякоўскага—Ламаносава. У Маскве Сімяон Полацкі па прапанове цара арганізаваў і першы Расіі прыдворны тэатр, спецыяльна напісаў для яго «Камедыю прыпавесці пра блуднага сына» і «Трагедыю Навухаданосара». Прыкладам яму паслужыў тэатр, які існаваў у яго родным Полацку яшчэ ў 1595 годзе, першым паказам якога была п’еса «Навухаданосар». У заснаванай Сімяонам Полацкім у царскім палацы Верхняй друкарні было апублікавана больш за дзесяць яго ўласных кніг: зборнікі казанняў «Абед душэўны» і «Вячэра душэўная», паэтычны пераклад псалмоў «Псалтыр рыфматворны», а таксама зборнікі вершаў «Верта-град шматкветкавы», «Рыфмалагіён, альбо Вершаслоў» і інш. Памёр Сімяон Полацкі раптоўна на 51 годзе. Яго творчасць «садзейнічала стварэнню цэлага літаратурнага напрамку, які стаў своеасаблівым рускім Адраджэннем».

5. Чым вызначаюцца сатырычныя творы ХVІІ стагоддзя «Прамова Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча»?

Сатырычныя творы «Прамова Мялешкі» (другая чвэрць ХVІ ст.) і «Ліст да Абуховіча» (не раней за 1654 г.) — ананімныя і вызначаюцца сваёй парадыйнасцю. Першы, напісаны ў форме соймавай прамовы, скіраваны супраць засілля чужаземшчыны, з’едліва высмейвае здраднікаў свайго, роднага («Наша костка, однак собачім мясом обросла і воняет!»). У другім, эпісталярным тэксце, крытыкуецца ваявода Піліп Абуховіч, які ў 1654 годзе здаў Смаленск маскоўскім войскам, быццам бы атрымаўшы ад іх вялікі хабар («Лепей было, пане Філіпе, седзець табе ў Ліпе. Уваляўся ў велікую славу, як свіня ў грась…»). Абодва творы выразна прасякнуты патрыятычным пафасам.

6. Што ўяўляюць сабой інтэрмедыя і батлейка і які ўплыў яны аказалі на развіццё пазнейшага прафесійнага тэатра?

У часы барока разам з пашырэннем езуіцкіх школ узнік і самадзейны школьны тэатр са сваёй драматургіяй. П’есы звычайна пісаліся на лацінскай, часам польскай мовах, былі цалкам рэлігійнага зместу. Паміж доўгімі дзеямі школьных драм, у час антрактаў, каб пацешыць публіку, разыгрываліся інтэрмедыі — невялікія камічныя п’ескі. Дзейныя асобы іх — карыкатурна паказаныя вучні і сяляне, прадстаўнікі іншых слаёў грамадства («Іван і царкоўны стораж», «Селянін і студэнт», «Чорт Асмалейка», «Селянін у касцёле» і інш.). Інтэрмедыі данеслі да нас тагачасную жывую беларускую мову, на якой размаўлялі ў іх сяляне, мяшчане, казакі, часам цыганы і яўрэі. Мова іншых асоб — лацінская (студэнты, ксяндзы, папы) або польская (паны). Інтэрмедыі ў другой палове ХVІІІ стагоддзя паспрыялі ўзнікненню жанру беларускай камедыі. Асобныя іх сюжэты былі запазычаны нават у драматургіі ХХ стагоддзя. Так, напрыклад, сюжэт інтэрмедыі «Літаратар, селянін, Самахвальскі» быў пакладзены ў аснову шырокавядомай п’есы Віталя Вольскага «Несцерка».

У час барока ўзнікае і народны лялечны тэатр — батлейка, а таксама першыя батлеечныя п’есы — «Цар Ірад», «Цар Максімільян» і інш. Батлеечны паказ, які адбываўся ў двухпавярховай скрынцы накшталт доміка або царквы, складаўся з дзвюх частак: сур’ёзнай, якая апавядала пра нараджэнне Хрыста і яго ганенне, і камедыйнай. У камедыйнай разыгрываліся інтэрмедыі вясёлага зместу з песнямі, танцамі. Сёння батлейку можна ўбачыць у «Беларускай хатцы» ў Мінску (філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея М. Багдановіча). У цэлым жа батлейка паўплывала на ўзнікненне сучаснага тэатра лялек.