Францыск Скарына

Подробное решение Страница 51стр. по литературе для учащихся 9 класса, авторов Рагойша В.П., Шамякiна Т. I. 2011



1. Што вы ведаеце пра жыццёвы шлях і творчасць Францыска Скарыны?

Францыск Скарына нарадзіўся ў сям'і полацкага купца Лукаша Скарыны. Дата яго нараджэння днкладна невядома: або 1486, або 1490 год. Вышэйшую адукацыю атрымаў у горадзе Кракаве (1506 год). 6 жніўня 1517 года — дата выхаду з друку «Псалтыра». Гэта знамянальная падзея лічыцца пачаткам беларускага кнігадрукавання. Кожная Скарынава кніга суправаджалася прадмовай. Усяго ім напісана 50 прадмоў, якія склада юць аснову літаратурна-публіцыстычнай спадчыны Скарыны. 3 боку літаратуры —прадмовы Скарыны сталі наогул класічным узорам у гэтым жанры і па сённяшні дзень. У пражскіх выданнях Скарыны змешчана ўсяго 25 прадмоў і яшчэ 22 прадмовы ў адным толькі «Апостале», які быў выдадзены ў Вільні. Адраснасць сваіх кніг Скарына вызначыў у эпіграфе:

“Богу в троіці едіному ко чті і ко славе, Матері его пречістой Маріі к похвале, Всем небесным сілам і святым его к веселенію, Людем посполітым к доброму наученію”. Усяго ім выдадзена 23 кнігі «Бібліі» ў Празе і яшчэ дзве кнігі ў Вільні. Апошнія гады свайго жыцця Скарына правёў у горадзе Празе, дзе працаваў у батанічным садзе. Дата смерці знакамітага першадрукара дакладна невядома, але звесткі пра яго адсутнічаюць з 1551 года, таму можна меркаваць, што гэты год і стаў апошнім годам жыцця асветніка.

2. У чым выявілася асветніцкая дзейнасць перакладчыка Бібліі на старабеларускую мову?

Скарына выявіў сябе як выдатны перакладчык. Ён сярод перакладчыкаў першым парушыў традыцыйны ў перакладзе Свяшчэннага Пісання прынцып літаралізму. Ф. Скарына ўнёс у тэкст Бібліі пэўныя змены: ужываў вобразы з вуснай народнай творчасці, народныя прыказкі, параўнанні, карыстаўся рознымі аратарскімі прыёмамі. Так, перадаючы на роднай мове вядомыя дзесяць запаведзяў, Ф. Скарына ў адным месцы ўзнаўляе іх вершамі ў свецкім духу, 10-я запаведзь з ХХ раздзела расчляняецца ім на дзве, у іншых выпадках ён дае скарочаны пераклад ці пераказ тэксту. Усё гэта было прадвызначана шырокімі асветніцкімі мэтамі, а таксама палкім жаданнем даць у рукі «ліцвінаў» і «русінаў», яго землякоў, даступную для ўспрымання Кнігу Кніг — Біблію, паколькі «там ест справедливость. Там ест чистота душевная и телесная. Там ест наука всякое правды. Там мудрость и разум досконалый. Там ест милость и друголюбство без лести; и вси иншии добрые нравы, яко бо со источника, оттоле походять» (з прадмовы да «Псалтыра»).

3. Вызначце найважнейшыя рысы рэнесанснага гуманізму ў творчасці Францыска Скарыны.

Францыск Скарына — выдатны асветнік і гуманіст, таму што ён даў пачатак усходнеславянскаму кнігадрукаванню, падняў адукацыю і культуру свайго народа. С. Падокшын так ацэньвае Ф. Скарыну як гуманіста:

«Для Скарыны як мысліцеля характэрна спроба гуманістычнай інтэрпрэтацыі Святога Пісання.У прадмовах ён імкнуўся з дапамогай біблейскі х тэкстаў апраўдаць і абгрунтаваць гуманістычныя ідэі Рэнесансу аб рэлігійнай і маральнай аўтаноміі чалавека, яго годнасці, якая вызначаецца не столькі паходжаннем альбо сацыяльным становішчам, колькі іптэлектуальна-маральнымі дабрачыннасцямі, і асабістымі заслугамі». Шматграннасць таленту Скарыны ставіць яго ўровень з выдатнейшымі людзьмі эпохі Рэнесансу.

4. Што характэрна для публіцыстыкі Францыска Скарыны, яго прадмоў і пасляслоўяў? Якія праблемы закранаюцца ў прадмовах да кніг «Псалтыр», «Іоў», «Юдзіф»?

Ф. Скарына — выдатны публіцыст, аўтар 50 арыгінальных прадмоў і 62 пасляслоўяў да выдадзеных ім асобных кніг Бібліі. У гэтых бліскучых публіцыстычных тэкстах пісьменнік паўстаў перад намі як неардынарны тэолаг і гісторык, філолаг і юрыст. Ён стварыў падрабязныя анатацыі да кніг апавядальна-гістарычнага і сюжэтна-фабульнага зместу, вытлумачыў прынцыпы перакладу, вызначыў кола чытачоў, якім прапаноўвалася тая ці іншая кніга, апавясціў сваё аўтарства і мэты і г. д.

Асветніцкімі, выхаваўчымі мэтамі кіраваўся Ф. Скарына, першы з усіх славян (выключаючы толькі чэхаў, якія распачалі гэтую справу крыху раней), друкуючы кнігі Бібліі. Пра гэта ён выразна сказаў у той жа прадмове да «Псалтыра»: «И видечи таковые пожитки в так малой книзе, я, Францишек, Скоринин сын с Полоцька, в лекарских науках доктор, повелел есми Псалтырю тиснути рускыми словами, а словенскым языком напред ко чти и к похвале Богу… а потом к пожитку посполитого доброго, наболей с тое причины, иже мя милостивый Бог с того языка на свет пустил». У часы Скарыны ўжо адно гэта — даць у рукі людзей даступную ім Біблію — было подзвігам.

У кожнай з прадмоў акцэнтуецца ўвага чытача кнігі на яе ідэйнай скіраванасці. Так, у прадмове да кнігі «Іоў» дысгармонія чалавечага жыцця («чего ради Господь Бог на добрих и на праведных допущаеть беды и немощи, а злым и несправедливым даеть щастье и здравие») апраўдваецца справядлівасцю нябеснай. Нягледзячы на тое што праведнік Іоў перанёс шматлікія «беды и немощи» (смерць дзяцей, усіх родзічаў, гібель жывёлы, страшную хваробу), ён не адрокся ад веры ў Бога. І Бог вярнуў яму ўсё, даў даўгалецце (пражыў Іоў 140 гадоў). Кніга «Іоў» — «зерцало жития нашего, лекарство душевное, потеха всем смутным». Яна заклікае да зямнога цярпення і пакаяння.

Подзвіг Юдзіфі ў прадмове да кнігі «Юдзіф» паўстае

ўзорам патрыятызму, вернасці грамадзянскаму абавязку, духоўнай моцы і трываласці. Ворагі асадзілі родны горад жанчыны, іх жорсткі камандзір Алаферн пагражаў вынішчыць усіх гараджан. Тады ўдава Юдзіф прабіраецца ў стан ворага, заварожвае сваёй прыгажосцю Алаферна і ноччу, соннага, забівае яго. Калі раніцай ворагі ўбачылі адрэзаную галаву іх правадыра, яны з жахам кінуліся наўцёкі. Так адна Юдзіф выратавала родны горад і яго жыхароў ад знішчэння. У прадмове да кнігі мы сустракаемся з высокапаэтычным выказваннем Ф. Скарыны пра любасць чалавека да свайго «роднага кута»: «Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по возъдуху, ведають гнезда своя; рибы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, — тако ж и люди, и где зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають». Вялікую «ласку» (любоў) адчуваўсам аўтар гэтых слоў да роднага Полацка і ўсёй тагачаснай Літвы-Беларусі, дзе яму пашчасціла нарадзіцца і вырасці.

5. Францыск Скарына — пісьменнік. У чым выявіліся яго пісьменніцкія здольнасці?

Прадмовы і пасляслоўі Ф. Скарыны — узор мастацкай дасканаласці, красамоўства. У іх выкарыстоўваюцца разнастайныя рытарычныя (воклічы, звароткі, пытанні) і стылістычныя (анафара, падваенне, шматзлучнікавасць, інверсія, градацыя, антытэза і інш.) фігуры.

Ф. Скарына таксама з’яўляецца пачынальнікам беларускай (і ўсёй усходнеславянскай) вершатворчасці. Менавіта ён пакінуў нам у спадчыну першыя вершаваныя радкі. Вось, у прыватнасці, вершаваны эпіграф да кнігі «Іоў»:

Богу в Троици единому ко чти и ко славе,

Матери его пречистой Марии к похвале,

Всем небесным силам и святым Его к веселию,

Людем посполитым к доброму научению.

Перад намі цэзураваны сілабічны верш, у цотных радках якога па 14 складоў, у няцотных — па 15. Традыцыя сілабічнага вершаскладання, закладзеная Францыскам Скарынам, будзе працягвацца ў беларускай паэзіі некалькі вякоў, да канца ХІХ стагоддзя.

6. Паразважайце над агульнаславянскім і еўрапейскім значэннем дзейнасці Францыска Скарыны.

Францыск Скарына - выдатны дзеяч беларускай культуры. Заснавальнік беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, рознабаковая дзейнасць якога мела агульнаславянскай значэнне. Адукаваны, энергічны палачанін паклаў пачатак беларускаму і ўсходнеславянскаму кнігадрукаванню,

Скарына першым прапанаваў для айчыннай асветы адукацыйную праграму «сямі вольных мастацтваў», якая ўключала граматыку, рыторыку, дыялектыку, арыфметыку, геаметрыю, астраномію, музыку і адыграў значную ролю ў развіцці ўсходнеславянскай сістэмы адукацыі, збліжэнні айчыннай культуры з культурай Захаду.

Выданні Скарыны паслужылі ўмацаванню хрысціянскіх асноў жыцця беларускага народа, яны былі распаўсюджаны і на Украіне. Захаваўся асобнік кнігі Ісуса сына Сірахова з Кіева-Пячэрскага манастыра. Знаёмыя з Бібліяй Скарыны былі і ў Ноўгарадзе.

Славянская мова, на якую Скарына пераклаў Біблію на пачатку XVI ст. была жывой і зразумелай. Гэта быў хоць і не гутарковая, але літаратурная мова - агульная для ўсіх усходнеславянскіх народаў. Асветнік вельмі шмат зрабіў для збліжэння царкоўна-славянскай і жывой гутарковай мовы, іх узаемнага ўзбагачэння. Для выдання кніг Бібліі ім выкарыстоўвалася беларуская рэдакцыя царкоўна-славянскай мовы.

Блізкая да народнай мова Ф. Скарыны знайшла разуменне ў заходне-рускім грамадстве. Яго пераклад выклікаў за сабою шэраг варыянтаў, вядомых у спісах XVI і XVII стагоддзяў, у асобных частках Бібліі, у выглядзе свабодных перапісаў або пераробак друкаванага тэксту. Уся мясцовая, паўднёва-заходне-руская перакладчыцкая дзейнасць XVI стагоддзя, у галіне біблейскіх тэкстаў, стаіць у цеснай залежнасці або ідэйнай сувязі з працай вялікага беларускага асветніка Ф.Скарыны.

7. Як ушанаваны Францыск Скарына ў Беларусі і ў замежных краінах?

Подзвіг Ф. Скарыны як усходнеславянскага першадрукара, мастака, асветніка, перакладчыка, публіцыста, паэта высока ацэнены ў Беларусі і свеце. Здзейснена факсімільнае перавыданне яго Бібліі ў трох тамах (1990—1991), выдадзены энцыклапедычны даведнік «Францыск Скарына і яго час» (1988), узнікла асобная галіна літаратуразнаўчай навукі — скарыназнаўства. Імя асветніка прысвоена Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, яго імем названы вуліцы ў многіх гарадах нашай рэспублікі. Помнікі яму ўзвышаюцца ў Мінску, Полацку і Празе, мемарыяльныя дошкі ў яго гонар устаноўлены ў Кракаве і Падуі. У Рэспубліцы Беларусь ордэнам Францыска Скарыны і медалём Францыска Скарыны ўзна-гароджваюцца асобы за выдатныя дасягненні ў развіцці айчыннай культуры. Воблік беларускага асветніка ўвасоблены ў скульптуры, жывапісных палотнах (З. Азгура, І. Ахрэмчыка, М. Басалыгі, С. Вакара, Г. Вашчанкі, Я. Драздовіча, П. Сергіевіча і інш.), музычных творах (сімфонія У. Дарохіна «Францыск Скарына, жыццё і бессмяротнасць», опера Д. Смольскага «Францыск Скарына» і інш.), фільмах («Я, Францыск Скарына» рэжысёра Б. Сцяпанава). У 1990 годзе па рашэнні ЮНЕСКА пяцісотгадовы юбілей Скарыны адзначаўся ва ўсім свеце.