Сымон Будны (1530?-1593?).Васіль Цяпінскі (1540?-1603?)

Подробное решение Страница 58стр. по литературе для учащихся 9 класса, авторов Рагойша В.П., Шамякiна Т. I. 2011



1. Якія дзве галоўныя грамадскія падзеі абумовілі развіццё беларускай літаратуры ў перыяд Позняга Адраджэння?

Люблінская ўнія 1569 года і пашырэнне Рэфармацыі.

2. У чым і як прадоўжылі справу Францыска Скарыны Сымон Будны і Васіль Цяпінскі?

Сымон Будны і Васіль Цяпінскі ўслед за Скарынам звярнуліся да беларускай мовы ў творах на рэлігійную тэматыку. С.Будны надрукаваў па-беларуску свае творы — «Катэхізіс» і «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам». Другая кніга, на жаль, не захавалася. У прадмове да «Катэхізіса», выдадзенага «для простых людей языка руского», пісьменнік звярнуўся з заклікам да князёў Радзівілаў шанаваць родную мову. В. Цяпінскі пераклаў на родную мову “Евангелле”, а ў «прадмове» абгрунтаваў неабходнасць перакладу Бібліі на беларускую мову, спаслаўшыся на прыклад іншых народаў (немцаў, палякаў, французаў, іспанцаў, англічан і інш.), якія ў той час ужо мелі поўныя пераклады Свяшчэннага Пісання на сваёй мове.

3. Што нам вядома пра жыццёвы і творчы шлях Сымона Буднага і Васіля Цяпінскага?

Сымон Будны — таленавіты пісьменнік, філосаф і багаслоў, рэфарматар па сваіх рэлігійных поглядах, гуманіст па светаразуменні. Кнігі яго, выдадзеныя ў Нясвіжы і Лоску на беларускай, польскай і лацінскай мовах, былі вядомы далёка за межамі ВКЛ. Нарадзіўся Сымон Будны на Беласточчыне, у мястэчку Буда (адсюль і прозвішча), скончыў Кракаўскі ўніверсітэт. Валодаў многімі еўрапейскімі мовамі, у тым ліку лацінскай, грэчаскай, іўрытам, стараславянскай, польскай. Гэта прадвызначыла высокую дакладнасць яго перакладаў рэлігійнай літаратуры (напрыклад, польскамоўнага перакладу Новага Запавету; Лоск, 1574 г.), дазволіла выявіць яго талент пісьменніка і навукоўца, кантактаваць з многімі выдатнымі еўрапейскімі філосафамі і тэолагамі, весці з імі на роўных навуковыя дыскусіі. У залежнасці ад месца працы і наяўнасці мецэнатаў Сымон Будны ў розны час жыў у Вільні, Клецку, Хоўхлаве, Заслаўі, Лоску, Іўі. Памёр і пахаваны ў Вішневе (Валожынскі раён). У 1562 годзе ў Нясвіжы Будны надрукаваў па-беларуску свае творы — «Катэхізіс» і «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам». Прыблізна ў адзін час з Будным, толькі ўжо на ўсходзе Беларусі, да прапаганды роднай мовы праз Свяшчэннае Пісанне звярнуўся Васіль Мікалаевіч Цяпінскі (Амельяновіч) . Нарадзіўся пісьменнік каля 1540 года ў маёнтку Цяпіна (цяпер Чашніцкі раён) у шляхецкай сям’і. Біяграфічных звестак пра яго захавалася вельмі мала. Вядома толькі, што ў пачатку 70-х гадоў ХVІ стагоддзя ён пачаў перакладаць на старабеларускую мову «Евангелле». У канцы тых жа 70-х гадоў паспрабаваў выдаць пераклад, але сродкаў хапіла, каб на-

друкаваць толькі два першыя з сінаптычных Евангелляў «и початок Луки». Нават не здолеў уключыць у кнігу прадмову, рукапіс якой цудам захаваўся.

4. Раскажыце пра характар выкарыстання роднай мовы і яе ролю ў «Катэхізісе» і «Евангеллі».

У прадмове да «Катэхізіса», выдадзенага «для простых людей языка руского», С. Будны звярнуўся з заклікам да князёў Радзівілаў шанаваць родную мову: «Слушная бо речь ест, абы ваши княжацкие милости того народу язык миловати рачили, в котором давные предки и их княжацкие милости панове отци ваших княжецких милости славне преднейшие преложеньства несуть». Сам жа «Катэхізіс» выдатна спалучыў мэты навучальныя (тут у форме пытанняў і адказаў падавалася сутнасць хрысціянскага веравучэння) з бліскучым літаратурна-мастацкім выкладам матэрыялу на ўзорнай старабеларускай літаратурнай мове. Яскравыя параўнанні, метафары, выслоўі, рытарычныя пытанні, воклічы — усё было скіравана на тое, каб надаць аповеду належную зразумеласць, шчырасць і эмацыянальнасць.

У «Прадмове» Цяпінскі абгрунтаваў неабходнасць перакладу Бібліі на беларускую мову, спаслаўшыся на прыклад іншых народаў (немцаў, палякаў, французаў, іспанцаў, англічан і інш.), якія ў той час ужо мелі поўныя пераклады Свяшчэннага Пісання на сваёй мове. Ён абгрунтоўваў неабходнасць выкарыстання роднай мовы ў розных галінах грамадскага жыцця — у рэлігіі, навуцы, асвеце, літаратуры. Цяпінскі бачыў і балюча перажываў пашырэнне паланізацыйных працэсаў у ВКЛ, што ён расцэньваў як Божае пакаранне. Паводле яго меркаванняў, занядбанне роднай мовы, асабліва вышэйшым станам грамадства, варта не толькі жалю, але і асуджэння. І сёння хвалююць нас словы, сказаныя ім у «Прадмове»: «Бо а хто богобойный не задержить, на такую казнь Божию гледечи, хто бы не мусил плакати, видечи так великих княжат, таких панов значных, так много деток невинных, мужов з жонами в таком зацном руском, а звлаща перед тым довстипном учоном народе, езыка своего славного занедбане, а просто взгарду». Цяпінскі слушна лічыў, што сутнасць Божай навукі людзі не зразумеюць без роднай мовы. Таму тэксты Евангелля ён надрукаваў паралельна на стараславянскай і старабеларускай мовах. З гэтай публікацыі добра бачна і блізкасць гэтых моў, і іх істотная розніца ў лексіцы, фразеалогіі, марфалогіі і сінтаксісе. Бачым мы і адметнасць стылю Цяпінскага-перакладчыка. І ў самім тэксце, і з дапамогай глосаў (заўваг на палях кніжкі) ён вытлумачваў асобныя словы («сатана», «геена», «асанна» і інш.), раскрываў сутнасць пэўных падзей, з’яў, рэчаў. Тым самым пісьменнік уносіў свой уклад у развіццё тэорыі і практыкі беларускага перакладу як асобнага віду творчасці.