Подробное решение Страница 3стр. по литературе для учащихся 9 класса, авторов Рагойша В.П., Шамякiна Т. I. 2011
1. Як вы разумееце літаратуру як частку нацыянальнай і сусветнай культуры?
Любая літаратура — з’ява нацыянальная. Так, беларускія пісьменнікі ва ўсе часы выяўлялі і выяўляюць думкі, пачуцці, псіхалогію найперш беларусаў, адлюстроўваюць іх гісторыю, культуру, звычаі і робяць гэта вобразнымі сродкамі пераважна беларускай мовы. Мова — матэрыял і інструмент кожнага пісьменніка — найбольш важная нацыянальная прыкмета літаратуры, менавіта па мове звычайна і адрозніваюць асобныя нацыянальныя літаратуры розных краін сусвету.
2. Растлумачце адзінства нацыянальнага і агульначалавечага, інтэрнацыянальнага, у мастацкай літаратуры.
Па сваіх праблемах, ідэйнай скіраванасці, чалавеказнаўчай сутнасці беларуская літаратура з’яўляецца фактам агульначалавечай культуры. У выдатных яе творах нацыянальнае і агульначалавечае, інтэрнацыянальнае спалучаны арганічна і непарыўна. Сёння сусветную культуру нельга ўявіць без твораў класікаў многіх нацыянальных літаратур. У сусветнай культуры ўжо амаль тысячу гадоў беларуская літаратура таксама з’яўляецца наад’емнай часткай.
3. Якія вы ведаеце мастацкія напрамкі (метады) і літаратурныя плыні?
Звычайна метад выяўляецца ў розных відах мастацтва слова (паэзія, проза, драматургія), а таксама ў розных відах мастацтва (літаратура, жывапіс, архітэктура, тэатр і г. д.). У літаратуры гістарычна змяняліся, а падчас і суседнічалі розныя напрамкі: старажытнае і сярэдневяковае пісьменства, барока, класіцызм, сентыменталізм, рамантызм, рэалізм, мадэрнізм. У беларускай літаратуры не ўсе яны знайшлі аднолькавае ўвасабленне.
У межах асобных напрамкаў ці побач з імі часам існуюць літаратурныя плыні. Рэалізм Адраджэння можа ўспрымацца як літаратурная плынь рэалізму ўвогуле, таксама як і асветніцкі рэалізм або крытычны (класічны) рэалізм ХІХ стагоддзя. Мадэрнізм на літаратурнай арэне выступіў у выглядзе такіх плыняў, як сімвалізм, імажынізм, футурызм, імпрэсіянізм і інш.
4. Назавіце асноўныя лірычныя, эпічныя, ліра-эпічныя і драматычныя жанры беларускай літаратуры.
Сярод твораў лірычных вылучаюцца песні, оды, эпіграмы, гімны, маршы і г. д. Да іх адносяцца таксама некаторыя фальклорныя жанры: загадкі, прыказкі і прымаўкі, замовы, галашэнні. Першапачаткова ў літаратуры, тады яшчэ вуснай, былі эпічныя жанры: казкі, легенды, быліны, гутаркі, думы і інш. Пазней, на пісьмовым этапе развіцця мастацтва слова, да іх далучыліся апавяданні, аповесці, раманы, нарысы, гумарэскі і інш. Існуюць ліра-эпічныя жанры, якія спалучаюць некаторыя ўласцівасці як лірыкі, так і эпасу: паэма, балада, байка. Што да драмы, то тут вылучаюцца камедыя, трагедыя, уласна драма, інтэрмедыя, фарс, вадэвіль.
5. Раскрыйце сутнасць паняццяў «стыль пісьменніка», «стылёвая плынь».
Стыль пісьменніка як ідэйна-мастацкая своеасаблівасць яго творчасці залежыць ад мастацкага напрамку і літаратурнай плыні, у якія ўключана творчасць аўтара, ад яго светапогляду, вопыту, агульнай культуры, мастацкіх схільнасцей. Пісьменнікі, блізкія сваім стылем, у межах аднаго мастацкага напрамку ці літаратурнай плыні могуць ствараць стылёвую плынь. Вядучымі стылеўтваральнымі фактарамі пры гэтым становяцца кампаненты зместу і формы ці тыя і другія разам. Так, у межах рэалізму ХХ стагоддзя можна вылучыць наступныя стылёвыя плыні: сентыментальны рэалізм, рамантычны рэалізм, іранічны рэалізм, умоўна-метафарычная проза і інш.