Лірыка патрыятычнага пафасу

Подробное решение Страница 203стр. по литературе для учащихся 9 класса, авторов Рагойша В.П., Шамякiна Т. I. 2011



1. Лірыка Янкі Купалы — своеасаблівы летапіс свайго часу. Дакажыце гэта.

Сын беззямельнага арандатара, затым — сам дробны арандатар, чорнарабочы бровара, бібліятэкар, супрацоўнік, а пасля і рэдактар адной з першых легальных беларускіх газет, народны паэт Беларусі Янка Купала ўсюды і заўсёды быў з родным народам — і ў горы, і ў радасці. Менавіта гэта дазволіла яму «сэрца мільёнаў падслухаць біцця» («З кутка жаданняў»), стаць яскравым летапісцам жыцця беларускага народа амаль ва ўсе найважнейшыя гістарычныя моманты першай паловы ХХ стагоддзя: у пераломны час рэвалюцыйных падзей у Расіі ў 1905—1907 і 1917 гадах, у векапомны перыяд аднаўлення дзяржаўнасці Беларусі ў 1918—1920 гадах, у трагічныя 1930-я гады, у радасныя дні ўз’яднання беларускага народа ў адзінай дзяржаве (1939), у самы змрочны першы год фашысцкай акупацыі Беларусі (чэрвень 1941 — чэрвень 1942 г.).

2. Раскажыце пра жанравы дыяпазон паэзіі песняра. Як вы разумееце сугестыўную лірыку?

Купала сваім гучным словам ён абуджаў дух свайго народа, усяляў у яго сэрца надзею ў непазбежнасць лепшага жыцця, навучаў любові да трох найважнейшых рэчаў: свабоды, роднага краю і беларускай мовы. Гэта з самага пачатку стала асноўнай ідэяй-жарсцю, пафасам творчасці паэта, вызначыла ідэйна-мастацкую своеасаблівасць твораў літаральна ўсіх яго лірычных жанраў — лірыкі грамадзянскай, пейзажнай, філасофскай, інтымнай і нават сугестыўнай — выклікаючай якія-небудзь уяўленні, ідэі. У данным выпадку — свабоды, роднага краю і беларускай мовы.

3. Чым вызначаецца грамадзянская лірыка Янкі Купалы? Якія тэмы, матывы, мастацкія сродкі для яе характэрныя?

У розны час, у залежнасці ад абставін, тонкі і шчыры лірык станавіўся то паэтам-грамадзянінам, то прарокам, то філосафам, а то і «ваяком» «за долю, волю і народ» («Памяці С. Палуяна»). Яго творчасць не толькі выяўляла рост сацыяльна-палітычнай і нацыянальнай свядомасці беларусаў, але і актыўна садзейнічала гэтаму росту, фарміравала грамадскі ідэал, нацыянальную самасвядомасць, абуджала гістарычную памяць — стала сцягам духоўнага адраджэння народа. Тое, што абсалютная большасць жыхароў былога «Северо-Западного края России» з гэтак званых «палякаў», «рускіх», «тутэйшых» паступова сталі беларусамі, усвядомілі сябе як народ, такі ж самы, як астатнія славяне, тое, што народ захацеў заняць (і ўрэшце заняў!) «свой пачэсны пасад між на-родамі» (прыгадаем купалаўскі заклік з верша «Маладая Беларусь»: «Занімай, Беларусь маладая мая, // Свой пачэсны пасад між народамі!») — атрымаў у 1919 годзе дзяржаўнасць, а ў 1990 годзе і дзяржаўную незалежнасць, — ва ўсім гэтым агромністая заслуга Янкі Купалы. Сам горача паверыўшы ў ідэю нацыянальнага адраджэння беларускага народа, паэт запальваў гэтай ідэяй іншых: «Арліным узмахам агняцветнай думкі аб нашай волі мы скінулі і патапталі даўгавечную брахню, — брахню, што Беларусі не было і няма. Сваім векапомным і магутным духам народным, што адважна сягае на сонца, мы паказалі свету, што Беларусь была, ёсць і будзе» (з «Прамовы на 15-годдзі літаратурнай працы», 1920). Бацька нацыі — у гэтым найменні-перыфразе Янкі Купалы няма перабольшання.

4. Раскрыйце ідэйна-мастацкую сутнасць вершаў Янкі Купалы, якія маюць тую самую назву, — «Мая малітва» і «Родная мова». У чым своеасаблівасць іх мастацкай структуры?

У вершы «Мая малітва» (1906), адным з самых ранніх твораў паэта, лірычны герой гатоў маліцца з усёй жарсцю, усёй сваёй чалавечай сутнасцю («і сэрцам, і думамі… душой»), маліцца, як колішні яго продак-язычнік, да ўсіх асноўных сіл прыроды — «да яснага сонейка», «да хмараў з грымотамі», «да зорак», «да нівы». Што ён хоча выпрасіць сваёй малітвай?

Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,

Распетаю буду маліцца душой,

Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі

Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй.

Вядома, «чорныя долі з мяцеліцаў шумамі» сімвалізуюць і тут гаротнае жыццё народа, якое паказана — таксама сімвалічна — у вершы «А хто там ідзе?». Аднак у гэтым творы мы ўжо маем не проста малюнак суровага шэсця абяздоленых беларусаў, якім захацелася «людзьмі звацца», а паэтаву малітву за родную зямлю, за родны народ. Вядома, малітва — не змаганне, не барацьба, тым не менш — учынак чалавека. Прычым у вершы «Мая малітва» лірычны герой не вылучае сябе з насельнікаў роднага краю. Ён — часцінка калектыву. Яго малітва — за калектыў, родную зямлю. Але таксама — і за сябе. Каб падкрэсліць гэта, у апошні радок апошняй страфы верша, якая паўтарае страфу пачатковую (кальцавая кампазіцыя), уносіцца ўдакладненне: «каб чорныя долі… // Не вылі над роднай зямлёй, нада мной». Істотнае ўдакладненне! «Чорная доля», аказваецца, — доля і самога лірычнага героя…

У Янкі Купалы ёсць яшчэ адзін верш, напісаны на шэсць гадоў пазней, але з той жа назвай — «Мая малітва» (1912). У ім — той самы «язычніцкі» зварот да розных сіл і з’яў прыроды: да «сонца на небе», зорак, «што ночкай мігцяцца», да «свабоднага ветра — віхуры», агню, «што сее пажары», да

«жывучай вадзіцы — разводдзя»… За што ж моліцца паэт? А ўсё за тое, што і раней, сцвярджаючы тым самым нязлом-насць сваіх патрыятычных перакананняў:

Малюся я небу, зямлі і прастору,

Магутнаму Богу — Ўсясвету малюся,

Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору

За родны загон Беларусі.

Тут хацелася б звярнуць увагу як на падабенства (ідэйнае, вобразнае) гэтых двух вершаў, так і на іх адрозненне.

Абодва вершы напісаны аднолькавым памерам — чатырохстопным амфібрахіем, які найбольш адпавядае выяўленню шчырага, непаспешлівага выказвання, меладычнай інтанацыі. Нездарма творы набылі музычнае гучанне. Аднак кожны з іх мае свой паэтычны «твар». І справа тут не толькі ў канкрэтным змесце, вобразнай семантыцы. Некаторыя — на першы погляд нязначныя — адхіленні ў мастацкай структуры, паэтыцы твораў абумоўліваюць своеасаблівасць іх мелодыка-інтанацыйнага гучання. Строфы ў абодвух вершах адны і тыя ж — катрэны (чатырохрадкоўі), рыфмоўка тая самая — перакрыжаваная. Але рыфмы — розныя. Так, у першым вершы рыфмы дактылічныя чаргуюцца з мужчынскімі, што стварае пэўны інтанацыйны кантраст, які дапамагае лепш выявіць кантраснасць прыродных стыхій, рэальнасці і мары чалавека.

У пазнейшым вершы ва ўсіх радках строф рыфмы аднолькавыя — жаночыя. Але тут той самы кантраст — і семантычны, і меладычны — ствараецца «абсячэннем» у кожнай страфе апошняга радка адной стапы. Калі ў першых трох радках усіх катрэнаў па чатыры стапы, то ў апошніх — тры.

Як бачым, мастацкая структура твораў уплывае на іх мелодыка-інтанацыйны лад, а ў рэшце рэшт — і на іх сэнс.

Памятаючы запавет Францішка Багушэвіча не пакідаць «мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі», Янка Купала ў сваім патрыятычным запале таксама звяртаецца да роднага слова. Цікава, што, як і ў толькі што разгледжаным выпадку, два яго іншыя вершы таксама называюцца аднолькава — «Роднае слова». Адзін з іх («…Магутнае слова, ты, роднае слова!») напісаны ў 1908 годзе, але надрукаваны быў толькі ў савецкі час у зборніку «Спадчына» (1922). Верш насычаны паўторамі, клічамі, заклікамі. Кожная з чатырох строф пачынаецца з такога клічу-звароту, у якім пафасна сцвярджаецца нейкая асаблівасць роднага слова: «Магутнае слова, ты, роднае слова!»; «Бяссмертнае слова, ты, роднае слова!»; «Свабоднае слова, ты, роднае слова!»; «Загнанае слова, ты, роднае слова!». Далей ідзе своеасаблівае паэтычнае тлумачэнне гэтых «магутнасці», «бяссмертнасці» і

г. д., а таксама канкрэтныя заклікі («Зайграй ты смялей, весялей!»; «Грымні ж над радзімай зямлёй!»). Выяўленню пафаснасці, публіцыстычнасці садзейнічае адпаведны вершаваны памер — чаргаванне чатырохстопнага амфібрахія (няцотныя радкі) з трохстопным (цотныя радкі). Чатыры метрычныя націскі ў радках з клічамі-зваротамі якраз прыходзяцца на асноўныя словы, вылучаючы іх, падкрэсліваючы («Магутнае слова, ты, роднае слова!» і г. д.).

5. Пакажыце, як у вершах паэта спалучаюцца матывы пейзажныя і грамадзянскія («У вырай»), пейзажныя і інтымныя («Явар і каліна»).

Верш «У вырай» вызначаецца зусім іншым інтанацыйным ладам. Тут няма заклікаў, няма ранейшага аптымізму, затое ёсць роздум, развага, туга, шкадаванне. Як, у прыватнасці, у вершы «У вырай», дзе паэт стварае карціну адлёту гусей у вырай, адлёту сумнага, вымушанага (яны ж пакідаюць родную зямлю!). Аднак перад намі не проста пейзажны верш, малюнак восені, якіх напісана і пішацца нямала. Тут вобраз гусей, што адлятаюць у вырай, сімвалізуе асобных тагачасных беларусаў, якія выракаюцца Радзімы. Не дзеля паказу адлёту птушак, а менавіта дзеля гэтага напісаны твор. Паэт супрацьпастаўляе крылатых птахаў і людзей-вырачэнцаў, касмапалітаў, пра што выразна сведчыць апошняя страфа верша:

Знаю, зложыце тут косці,

Толькі злётаеце ў госці,

Асвяжыце грудзі:

Вы не ўмееце йшчэ, гусі,

Выракацца Беларусі,

Як умеюць людзі.

Верш «У вырай» напісаны шасцірадковай страфой — секстынай, чаргаваннем 4-стопнага харэя з 3-стопным. Усё гэта вызначае яго своеасаблівую інтанацыю. Тут замест адкрытых заклікаў — малюнак, замест бадзёрасці — туга, замест «мітынговай прамовы» — развага. На канкрэтную інтанацыю, несумненна, уплываюць найперш пафас, змест, а таксама рытмічны малюнак і ўвядзенне ў трэціх і шостых радках секстын жаночых рыфмаў замест мужчынскіх.

Максім Багдановіч у артыкуле «За тры гады: агляд беларускай краснай пісьменнасці 1911—1913 гг.» пісаў, што «ўжо і краса прыроды і краса кахання знайшлі сабе месца ў яго творах». Думку гэту выдатна ілюструе верш паэта «Явар і каліна» (1910):

Песняй вясны лебядзінаю,

Скінуўшы зімнія чары,

Шэпчуцца явар з калінаю

Ў сумнай даліне над ярам.

У вершы ўвасоблена арганічнае адзінства ўсяго жывога на зямлі, злітнасць чалавека з прыродай. Найперш — з роднай прыродай.

Надзвычай меладычны, песенны, верш «Явар і каліна» на першы погляд — тыповы ўзор пейзажнай лірыкі. Сапраўды, перад намі — яскравы свет беларускай прыроды, дзе ўсё жыве, гаворыць на «небу панятлівай» мове: «лісцейкі зеленню хваляцца», «модлы пакорныя // З маткай-зямлёй адпраўляюць»… Свет гэты наскрозь адухоўлены, міфалагізаваны,чароўны: не толькі «шэпчуцца явар з калінаю», але яны яшчэ і «ў ночаньку чорную // Месяца, зор выглядаюць», «слухаюць смехаў русалчыных, // Лопату крылляў начніцы». Усё напоўнена гукамі. Вершаваны гукапіс дапамагае імітаваць плёскат вады: «лісцейкі… // Росамі мыюцца раніцай, // Песцяцца сонцам паўднёвым», «слухаюць… // Плюскату шклістай крыніцы»... Так, гэта пейзаж — своеасаблівы, непаўторны, тыпова беларускі. Але ці толькі? Згадаем, што явар і каліна — гэта частыя вобразы беларускіх народных балад. Там яны алегарычна ўвасабляюць закаханых хлопца і дзяўчыну, зачараваных злымі сіламі, ператвораных у дрэвы. Выходзіць, перад намі не толькі чароўны свет прыроды, але і зачараваны. Значыць, вобразы явара і каліны мы можам успрымаць не толькі ў прамым, але і ў пераносным сэнсе. І тады верш набывае дадатковае, больш глыбокае сэнсава-эмацыянальнае напаўненне, і яго мы з поўным правам можам ужо аднесці да інтымнай лірыкі. Па сутнасці, гэта своеасаблівая літаратурная балада, напісаная з улікам ведання чытачамі народнай баладнай алегорыкі.

6. Што можна сказаць пра сувязь зместу і формы ў лірыцы песняра? Пакажыце, як форма верша дапамагае лепш выявіць яго канкрэтны сэнс (на прыкладзе рытмікі, рыфмікі, гукапісу і інш.).

Народны паэт Беларусі — выдатны майстар паэтычнага слова, адзін з самых буйных паэтаў, якіх увогуле ведае сусветная літаратура. Калісьці ўкраінскі пісьменнік Максім Рыльскі пісаў: «Янка Купала быў невычэрпна разнастайны ў вершаванай форме, у яго мы бачым і творы, складзеныя зусім у духу народных песняў («Алеся» яго, са змененым імем «Гануся», — запісана ва Украіне з народных вуснаў як фальклорны твор), і складаныя страфічныя формы, і зварот да такіх кананічных узораў, як актава, — але скрозь ён той самы Янка Купала: просты, шчыры, крышталёва-ясны, сапраўды народны паэт». Трэба ўлічыць, што Янка Купала не проста абжываў для беларускай паэзіі некаторыя невядомыя ёй раней формы верша (напрыклад, санет, актава і інш.), але і свядома ствараў новыя. Ён узняў культуру беларускага верша на сусветную вышыню, як ніхто з беларускіх паэтаў пасадзейнічаў развіццю тэхнікі вершаскладання, узбагаціў беларускае і ўсё славянскае вершаскладанне сваімі рытмамі, інтанацыямі, акрэсліў найбольш перспектыўныя шляхі, якімі развіваецца і цяпер беларускі верш. Паэзія Янкі Купалы з’яўляецца сапраўднай школай майстэрства для сучасных і наступных пакаленняў беларускіх паэтаў.

Верш Янкі Купалы «Паязджане» (1918) — паязджане, паводле беларускай міфалогіі, — гэта ўдзельнікі вясельнай дружыны. Яны везлі маладых да шлюбу, але, зачараваныя нейкай нячыстай сілай, страцілі дарогу і не могуць у непагоду вярнуцца дадому. Сотні тысяч беларусаў, выгнаных з родных хат франтамі войнаў (Першай сусветнай, грамадзянскай, савецка-польскай), гэтаксама не маглі знайсці шлях да сваіх вёсак і гарадоў, бо

Распаўзлася па абшары

Сцюжным пухам, сцюжнай марай

Папаўзуха-завіруха —

Злога духа злыбядуха.

Паязджане «ўсё едуць, едуць, едуць», а ў полі «ні пуціны, ні упыння, // Як у вечнай дамавіне», «ні прасвету, ні надзеі, — // Ўсё ў зацьмішчы, ўсё ў завеі». Здаецца, дзякуючы гукапісу (алітэрацыі на [с], [з], [ш], [ж], асанансы на [а], [у], [ю], [о], [і]) мы чуем завыванне ветру, а таксама, як «папаўзуха-завіруха… захліпаецца ад смеху».

7. Што вы можаце сказаць пра асаблівасці паэтычнай лексікі і сінтаксісу Янкі Купалы?

Моўная стыхія Янкі Купалы — гэта сінтаксічна гнуткае, лексічна надзвычай багатае, інтанацыйна выразнае жывое народнае маўленне, якое часта ніяк не ўкладваецца ў пракрустава ложа сучаснай граматыкі. Так верш “Магутнае слова, ты, роднае слова!” насычаны паўторамі, клічамі, заклікамі. Кожная з чатырох строф пачынаецца з такога клічу-звароту, у якім пафасна сцвярджаецца нейкая асаблівасць роднага слова: «Магутнае слова, ты, роднае слова!»; «Бяссмертнае слова, ты, роднае слова!»; «Свабоднае слова, ты, роднае слова!»; «Загнанае слова, ты, роднае слова!». Далей ідзе своеасаблівае паэтычнае тлумачэнне гэтых «магутнасці», «бяссмертнасці» і г. д., а таксама канкрэтныя заклікі («Зайграй ты смялей, весялей!»; «Грымні ж над радзімай зямлёй!»). Выяўленню пафаснасці, публіцыстычнасці садзейнічае адпаведны вершаваны памер — чаргаванне чатырохстопнага амфібрахія (няцотныя радкі) з трохстопным (цотныя радкі). Чатыры метрычныя націскі ў радках з клічамі-зваротамі якраз прыходзяцца на асноўныя словы, вылучаючы іх, падкрэсліваючы («Магутнае слова, ты, роднае слова!» і г. д.).

8. У чым вы бачыце нацыянальную і агульначалавечую сутнасць паэзіі Янкі Купалы?

З кожным годам усё большы прамежак часу аддзяляе нас ад таго гістарычнага перыяду, калі жыў і тварыў геніяльны Янка Купала. За марывам гадоў падчас цяжка ўбачыць вострую актуальнасць, надзённасць, тую ці іншую падзейную абумоўленасць асобных яго твораў. Аднак часавая адлегласць разам з тым дазваляе разгледзець многае з таго, што зблізку не так і заўважыш. Сёння шмат выразней, чым калісьці, ба-чыцца агульначалавечая сутнасць паэзіі Янкі Купалы. Надзвычай глыбока зазірнуўшы ў душу спачатку прыгнечанага, а затым сацыяльна і нацыянальна разняволенага селяніна-беларуса, ён тым самым стварыў аптымістычную «кардыяграму» «ачалавечання» чалавека-працаўніка. Такая «кардыяграма» набывае асаблівае значэнне ў кантэксце сацыяльнай і нацыянальна-вызваленчай барацьбы шэрагу народаў свету.

Янка Купала паўстае перад намі і як арыгінальны паэт-філосаф са сваёй канцэпцыяй жыцця, месца і ролі чалавека ў ім. Мы, у прыватнасці, захапляемся канкрэтнымі перыпетыямі, апісанымі ў яго шматлікіх вершах, паэмах, драматычных творах, убіраем у сябе думкі, назіранні, эмоцыі, увасобленыя ў іх. І мы, безумоўна, не можам прайсці міма праблем, якія па-свойму ставіў і вырашаў народны пясняр: дабра і зла, сацыяльнай справядлівасці, маральнай адказнасці, жыцця і смерці, даравання і помсты і інш.