Янка Купала (1882-1942 гг.)

Подробное решение Страница 196стр. по литературе для учащихся 9 класса, авторов Рагойша В.П., Шамякiна Т. I. 2011



1. Чаму Янка Купала — «першая з вяршынь беларускага Эльбруса паэзіі» (П. Тычына)?

У кожнага народа сярод класікаў нацыянальнага пісьменства вылучаюцца постаці найгалоўнейшыя, якія ўнеслі асаблівы ўклад у развіццё роднай літаратуры, мовы і культуры, сталі своеасаблівымі сімваламі самога народа. У англічан гэта Уільям Шэкспір, у рускіх — Аляксандр Пушкін, ва ўкраінцаў — Тарас Шаўчэнка… У беларусаў такой постаццю з’яўляецца Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч).

Зразумела, Янка Купала не зрабіў бы для літаратуры, культуры беларускага народа ўсяго таго, што ён здзейсніў за свае шэсцьдзясят гадоў, каб не было побач з ім яго паплечнікаў, аднадумцаў-падзвіжнікаў. Гэта найперш другі волат беларускага слова Якуб Колас, а таксама Максім Багдановіч, Цётка, Максім Гарэцкі, Змітрок Бядуля, Алесь Гарун, Цішка Гартны, Вацлаў Ластоўскі, Антон Луцкевіч… Аднак несумненна і тое, што сярод гэтай слаўнай плеяды таленавітых і самаахвярных беларускіх пісьменнікаў-адраджэнцаў (і ўвогуле сярод дзеячаў беларускай культуры ўсяго ХХ стагоддзя) Янка Купала стаў самай прыкметнай фігурай — і па моцы літаратурнага таленту, і па творчай выніковасці рэалізацыі гэтага таленту.

Выдатны ўкраінскі паэт Паўло Тычына вобразна назваў Янку Купалу «першай вяршыняй беларускага Эльбруса паэзіі». Творчы патэнцыял Янкі Купалы выявіўся не толькі больш магутна, выразна, але і раней, чым у іншых беларускіх творцаў пачатку ХХ стагоддзя. У прыватнасці, раней за яго аднагодка — Якуба Коласа.

2. Што вы можаце сказаць пра разнастайнасць таленту Янкі Купалы? Якія тры галоўныя крыніцы яго творчасці можна вызначыць?

Творчасць Янкі Купалы называюць летапісам жыцця, працы і барацьбы беларускага народа, квітнеючым садам, у якім сабраны самыя дарагія каштоўнасці мастацкага слова. Купала адкрыў вобраз беларускага селяніна як першаасновы народнага жыцця, маралі, духоўнай моцы народа. Першы народны паэт Беларусі, драматург, перакладчык, палымяны публіцыст, грамадскі дзеяч, Янка Купала пакінуў нам багатую спадчыну, якая ўвабрала ў сябе народныя паданні, песні, казкі, легенды, а таксама традыцыі дэмакратычнай літаратуры XIX ст.

Можна вылучыць тры галоўны крыніцы яго творчасці:

Па-першае, самаадукацыя і кнігі. Менавіта яны дапамаглі маладому паэту атрымаць веды і пра асобныя правілы вершаванай творчасці. «Пісаць пачаў я з 1904 года, — расказваў Янка Купала пра свае першыя вершаваныя спробы, — але спачатку нічога добрага не выходзіла, паколькі я не меў тады яшчэ нават самага малога ўяўлення пра тэорыю вершавання. Пазней трапілася мне ў рукі стылістыка, і справа пачала наладжвацца».

Другой крыніцай, з якой Янка Купала наталяў прагу ведаў, што абуджала яго мастакоўскую фантазію, стала народная вусна-паэтычная творчасць. Ён любіў слухаць народныя казкі, легенды, песні. «Больш за ўсё, я думаю, аказалі ўплыў на мяне беларускія народныя казкі, якія я чуў у дзяцінстве, — прыгадваў ужо ў сталыя гады паэт. — Калі мы жылі ў Прудзішчы… у нас служыў парабак Песляк… Ён быў надзвычайны майстра расказваць казкі. Помню, што я яму не даваў праходу. Ці пойдзе ён у поле араць, ці едзе на начлег, я заўсёды з ім і заўсёды вымольваю ў яго казкі. Расказваў ён цудоўна… Можаце сабе ўявіць: чалавек ходзіць за сахой, а следам за ім, як варона, хаджу я і слухаю».

Трэцяй крыніцай творчасці паэта быў навакольны свет. Беларуская прырода з яе лясамі, рэкамі і азёрамі, багатай фаў най і флорай. Назіранні над жыццём працоўнага сялянства, рабочых — з аднаго боку, і пануючых класаў (паноў, чыноўнікаў, фабрыкантаў) — з другога. Таксама — сустрэчы з многімі цікавымі людзьмі і грамадуімі дзеячамі.

3. Чаму Іван Луцэвіч выбраў для сваёй творчасці псеўданім Янка Купала?

Нарадзіўся Іван Луцэвіч у 1882 годзе, 7 ліпеня — якраз на Купалле. Як вядома, у ноч на Івана Купалу шукаюць у лесе папараць-кветку — кветку шчасця. Згодна з народным павер’ем, хто знойдзе яе — таму адкрыюцца многія таямніцы жыцця, той зможа разумець мову жывёл і раслін, дасягнуць усяго, чаго захоча. Паэт таксама хацеў здабыць шчасце — і не столькі для сябе, колькі для роднага народа. Таму і псеўданім такі сабе выбраў.

4. Што ўяўляла сабой «цыганскае жыццё» сям’і Луцэвічаў? Чым яно было выклікана?

Бацькі будучага паэта Дамінік Ануфрыевіч і Бянігна Іванаўна не мелі сваёй зямлі, арандавалі яе ў буйных памешчыкаў. Памешчыкі ж доўга не тры-малі арандатараў — каб тыя не «ўрасталі» ў гаспадарку, не мелі да яе залішніх прэтэнзій. Так, ажаніўшыся, Луцэвічы амаль тры гады, да самага нараджэння Яся, арандавалі кавалак зямлі ў Паморшчыне (невялікая вёска, цяпер злілася з мястэчкам Ракаў Валожынскага раёна). Не паспеў Ясь у Вязынцы і хадзіць пачаць, як адтуль яны пераехалі ў Юзафова, затым былі Косіна, Сенніца, Прудзішча, Селішча… Частыя пераезды не дазвалялі сям’і Луцэвічаў абжыцца, даць дзецям належную па тым часе адукацыю. Хаця, з другога боку, такое «цыганскае жыццё» ўзбагачала іх усё новымі і новымі ўражаннямі, дарыла сустрэчы з многімі цікавымі людзьмі.

5. Дзе і як атрымаў літаратурную адукацыю Янка Купала? Што сведчыць пра яе грунтоўнасць?

Жывучы ў Селішчы, Янка пазнаёміўся з панам Сігізмундам Чаховічам, які, адбыўшы пакаранне за ўдзел у паўстанні 1863 года, вярнуўся ў суседнюю вёску Бясяды. У Чаховіча была агромністая бібліятэка. Кніг для Яся, які вольна чытаў на рускай і польскай мовах, ён не шкадаваў, і перад хлопчыкам адкрыўся цэлы кніжны свет… Кнігі дапамаглі маладому паэту атрымаць веды і пра асобныя правілы вершаванай творчасці. «Пісаць пачаў я з 1904 года, — расказваў Янка Купала пра свае першыя верша-ваныя спробы, — але спачатку нічога добрага не выходзіла, паколькі я не меў тады яшчэ нават самага малога ўяўлення пра тэорыю вершавання. Пазней трапілася мне ў рукі стылістыка, і справа пачала наладжвацца».

6. Калі і дзе быў надрукаваны першы верш Янкі Купалы? Як ён называўся? Хто пасадзейнічаў яго публікацыі?

Беларускі публіцыст, літаратурны крытык, філосафУладзімір Самойла разгледзеў у юнаку незвычайны талент і дапамог апублікаваць яго першы твор. Гэтым творам аказаўся верш «Мужык», які быў змешчаны ў мінскай прагрэсіўнай рускамоўнай газеце «Северо-Западный край» 15 мая 1905 года.

7. Ахарактарызуйце першы зборнік вершаў Янкі Купалы, назавіце месца і год яго выдання. Хто яго рэдагаваў? Якія іншыя кнігі песняра вы ведаеце?

З’яўленне ў Пецярбургу беларускага выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» паспрыяла выхаду ў свет і першага зборніка паэта «Жалейка» (1908). Рэдактарам зборніка стаў беларус па паходжанні, кіраўнік выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца» прафесар Браніслава Эпімах-Шыпіла.

«Жалейка» Янкі Купалы стала цэлай з’явай у новай беларускай літаратуры. Чытачы ўбачылі ў ёй своеасаблівае люстэрка сваіх дум і перажыванняў, надзей і мар, крыніцу эстэтычнай асалоды. Крытыкі адразу канстатавалі: у беларускай літаратуры з’явіўся творца, пасля якога ні літаратура, ні сама беларуская мова не патрабуюць ніякіх паблажлівых скідак на маладосць.

8. Якую ролю ў жыцці і станаўленні творчай асобы беларускіх пісьменнікаў адыграў Пецярбург?

Пецярбург у значнай ступені паўплываў на станаўленне Янкі Купалы як вялікага нацыянальнага пісьменніка еўрапейскага маштабу. Тут канчаткова сфарміраваўся яго дэмакратычны светапогляд, акрэсліўся выразны гуманізм і патрыятызм творчасці. Увогуле, Пецярбург займае асаблівае месца ў гісторыі беларускай літаратуры. Згадаем хаця б, што тут у свой час жылі (вучыліся, працавалі) Ян Баршчэўскі, Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч, Янка Лучына, Адам Гурыновіч… Янка Купала, ходзячы пецярбургскімі праспектамі і завулкамі, безумоўна, памятаў пра іх, як і пра выдатных рускіх, украінскіх пісьменнікаў, жыццё і творчасць якіх былі звязаны з гэтым горадам. Пецярбург праз курсы А. Чарняева значна паглыбіў веды аўтара «Жалейкі» па гісторыі сусветнай літаратуры, тэорыі літаратуры, у прыватнасці па тэорыі вершаскладання, паспрыяў шырокаму знаёмству яго з тагачаснай рускай літаратурай, асабістым кантактам (а ў асобных выпадках — і дружбе) з асобнымі расійскімі літаратарамі. У Пецярбургу Янка Купала падрыхтаваў і выдаў яшчэ два зборнікі вершаў — «Гусляр» (1910) і «Шляхам жыцця» (1913), драматыч-ную паэму «Адвечная песня» (1910). Тут, наведваючы спектаклі пецярбургскіх тэатраў, у яго выспела ідэя напісання сваіх драматычных твораў — драматычнай паэмы «Сон на кургане» (1910), п’ес «Паўлінка» (1912) і «Раскіданае гняздо» (1913).

9. Янка Купала і «Наша ніва». Раскажыце пра сувязь паэта з гэтай газетай.

Калі ў Вільні пачала выходзіць штотыднёвая газета «Наша ніва», паэт стаў друкавацца ў ёй ледзь не ў кожным нумары, апублікаваўшы там каля 150 вершаў, паэмы «У піліпаўку» (1908), «За што?» (1909), «Курган» (1912), «Бандароўна» (1913) і інш. Пасля выхаду “Жалейкі” паэта запрашаюць на працу ў Вільню. Ён пачынае працаваць бібліятэкарам і адначасова — супрацоўнікам «Нашай нівы». Знаёміцца асабіста з Якубам Коласам, Сяргеем Палуянам, Цішкам Гартным, Іванам і Антонам Луцкевічамі, іншымі дзеячамі беларускай літаратуры. І — піша, піша ўсё новыя творы.

10. Што вы ведаеце пра літаратурную і грамадскую працу Янкі Купалы ў савецкі час?

Пры савецкай уладзе Янка Купала амаль бязвыезна жыў у Мінску, займаўся актыўнай літаратурнай і грамадскай працай, разам з усім савецкім народам раздзяляў радасці і беды, поспехі і складанасці пабудовы новага жыцця. Выдаваў кнігі («Спадчына», 1922 г.; «Безназоўнае», 1925 г.; «Ад сэрца», 1940 г. і інш.), прымаў удзел у стварэнні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Акадэміі навук Беларусі, Саюза пісьменнікаў СССР, выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, сустракаўся з чытачамі ў розных мясцінах Беларусі і ўсяго СССР і інш. Напад гітлераўскай Германіі паэт сустрэў палкімі словамі закліку няшчадна знішчаць «гітлерцаў шалёных» — вершам «Беларускім партызанам».