НАРАЧ

Подробное решение Страница / Часть 1 46 стр. по литературе для учащихся 5 класса, авторов Цiтова Л.К. 2009



1.У якія часы адбываліся падзеі, апісаныя ў легендзе?

Падзеі ў легендзе адбываюцца да рэвалюцыі, калі былі паны і прыгонныя людзі. Жыхары вёсак належалі панам і не маглі вырашаць свой лёс, залежалі ад пана.

2.Як выглядала, паводле легенды, чароўнае возера?

“У гушчары старых бароў, як сляза, што ўпала з неба, блішчала вялікае возера. Вельмі прыгожае яно было. Расказы пра яго чароўнасць перадаваліся з паселішча ў паселішча і нават у далёкія краіны.”

3.Якой паказана ў легендзе Найрыта? Чым яна вылучалася сярод аднавяскоўцаў?

Найрыта: “Вочы яе блакітныя, колеру азёрнай хвалі, заўсёды весела ўсміхаліся. Залацістыя валасы тугой касою абкручвалі галаву. Голас у яе быў высокі і гучны. Бывала, сядзе на беразе пад разлапістым клёнам, дзе збіралася звычайна моладзь, на гусельках грае і спявае. Спачатку голас павольна плыве, а пасля ўзлятае высока і ляціць над узбярэжжам. У гэты час і птушкі змаўкалі. Людзі забываліся пра сваё гора.”

4.Які лёс напаткаў дзяўчыну-сіраціну? Які выбар яна зрабіла? Як ацанілі людзі ўчынак найрыты?

Аднойчы, калі Нара спявала, праязджаў вёскаю пан, стары ўдавец. Пачуў ён дзівосную песню і прапанаваў ёй паехаць з ім жыць у яго пакоі. За дзяўчыну заступіўся яе хлопец, Андрэй. Але пан загадаў яго забіць. Дзяўчына вырашыла адпомсціць пану за каханага і ўсіх тых, хто загінуў ад рукі пана, падпаліла яго маёнтак, а сама знікла ў возеры. У яе гонар людзі назвалі чароўнае возера.

5. Якім вы ўяўляеце Андрэя?

Андрэй — прыгожы, моцны, бясстрашны хлопец, сын Пятра, які заклікаў народ паўстаць супраць пана і таксама згінуў. Ен добры, смелы, справядлівы, кахае Нару, не пабаяўсся заступіцца за дзяўчыну.

6. Выкажыце свае адносіны да старога пана.

Пан – стары ўдавец, ён прывык, што ўсё належыць яму, што можа браць усё, што пажадае. Злы, жорсткі, зайздросны, забойца. Выклікае толькі адмоўныя эмоцыі.

7. Адкуль, згодна з легендай, паходзіць назва славутага возера?

Згодна гэтай легенды назва паходзіць ад імені смелай дзяўчыны —Найрыты, Нары — Нарач. Так назвалі яго людзі пасля гераічанага ўчынка дзяўчыны.

8. Якія яшчэ вы ведаеце легенды пра возера Нарач ці пра іншыя беларускія азёры? Раскажыце іх у класе.

ЛЕГЕНДЫ (дадатковае)

Пра Нарач

Не было Нарачы тут. Не было Баторына і Мястра. Не было гэтых белакорых прыбярэжных бяроз, тужлівага крыку чаек і выбеленых стагоддзямі аблачын. Была зямля — гіблая, чорная, як і яе абрабаваная доля. I жыла на гэтай зямлі непрыгожая, рабая, як і сама зямля, дзяўчына Алёнка. Але душой была Алёнка святлей самага белага дня — столькі непрыкметнага хараства таілася ў ёй. Радаваліся дзявочай дабраце простыя людзі, не раз сушыла яна слёзы іх горкай нядолі. I ўсім сэрцам пакахаў рабую дзяўчыну хлопец-прыгажун.

Толькі сярод людзей былі і нядобрыя, злыя людзі. Яны балюча дакаралі хлопцаву ніцавокасць, павучалі яго:

— Вачэй мець не трэба, каб бачыць, якая чорная, брыдкая твая абранніца.

Захлынулася пакутнай журбою раненае сэрца. Да світальных зор насіў хлопец па чорнай зямлі горкую скруху, і яна лілася з сэрца самотнай, тужлівай песняй. I столькі непадробнага пачуцця было ў яе простых словах, столькі жадання надзяліць прыгажосцю свет цэлы. Не магла песня не крануць сэрца добрага чараўніка. I ён, расчулены ёю да слёз, вырашыў дапамагчы хлапечай бядзе: падараваў яму чароўнае люстэрка.

Паглядзелася ў люстэрка Алёнка — прыгажуняй няпісанай стала. Пасвятлела на чорнай зямлі ад яе дзівоснай красы. У сведкі да іх шчасця клікаў хлопец усіх добрых людзей. Упершыню яго сэрца пела пра шчасце.

Аднак нядоўгім было яно. Дачуўся пра цуд гэты магнат з палаца. Зайздрасцю засвяціліся хіжыя вочы, калі паланянка-прыгажуня пераступіла княжы парог.

— Гэты скарб за ўсё маё даражэй,— адно і сказаў стары князь.

Каханых разлучылі.

Заклінаючы сваю прыгажосць, жорстка пакарала ў палацы магната чароўнае люстэрка дзяўчына. У гулкім вясельным гомане пырснула яно дррбнымі асколкамі-промнямі. I там, дзе ўпалі асколкі, імгненна ўзышла крыніца, забілася ўспененая, бурная, як дзявочая нянавісць. Пад хвалямі, празрыстымі і светлымі, як само каханне, хавала яна княжы палац. А калі пенныя хвалі ўлагодзіліся, вачам людскім адкрыўся дзівосны цуд: ляжала перад імі вялізнае возера з блакіту і зор. I той, хто глядзеўся ў яго, прыгажэў душою і сэрцам...

А Нарач — значыць, хлопцава нарачоная.

Легенда пра Вялічкаўскае возера.

Даўным-даўно ля дарогі (цяпер шаша Ліда — Навагрудак) стаяла вялікая вёска Вялічка. Людзі жылі ў ёй багата. Толькі на канцы вёскі ад дарогі жыла бедная ўдава з маленькімі дзяцьмі.

Аднойчы ў вёску прыйшоў жабрак, стары сівы дзядок. Ён абхадзіў усе двары, але яму ніхто нават і скарынкі ў торбу не кінуў. Зайшоў дзед і да ўдавы. Ужо вечарэла, і дзядок папрасіўся нанач. Жанчына ласкава запрасіла старога сесці і дала павячэраць міску нішчымнай заціркі. На гэтую зацірку яна заварыла апошнюю жменю жытняй мукі. Жабрак застаўся начаваць.

Назаўтра жанчына ўстала і здзівілася: у хаце і ў каморы было многа хлеба і ўсяго другога. А дзед ёй сказаў:

— Выйдзі, кабета, з хаты з дзяцьмі і ідзі не аглядаючыся, хоць што-небудзь і пачуеш. Як аглянешся, то на месцы тваёй хаты вырасце груша.

Жанчына так і зрабіла. Толькі яна адышла за вёску, як пачула ззаду трэск, шум і енк людзей. Усё крышылася і ламалася. Вёска прапала, а на яе месцы ўтварылася возера, а замест хаты ўдавы на беразе возера стаяла груша. Жанчына павярнулася, хацела пайсці паглядзець, што здарылася, але ж адразу ператварылася ў камень.

На другі дзень людзі з суседніх вёсак бачылі, як з возера выплывалі аконныя рамы, дзверы і іншая хатняя дробязь. Людзі пачалі збіваць жэрдкі, каб памераць дно, але з вады чалавечы голас сказаў:

— Не мерай тычыною, бо памераеш галавою.

Усё ж такі самыя цікаўныя ўзялі доўгую вяроўку, прывязалі камень і апусцілі на дно. Дна не дасталі, а з вады пачуўся ізноў голас:

— Не мерай вяроўкаю, бо памераеш галоўкаю.

Адзін чалавек пры гэтым утапіўся, і яго як ні шукалі, не маглі знайсці, хоць возера было невялікае.

Цяпер на беразе Вялічкаўскага возера расце старая груша і ляжыць вялікі камень з адбіткам быццам бы жаночае рукі.

Пра возера Свіцязь

Калісьці ўладаром возера быў мірскі князь. I вось ён задумаў даведацца, ці праўда, што на дне возера стаіць затоплены горад Свіцязь, як гэта гавораць у народзе.

Рыхтаваўся ён тры тыдні. Пабудаваў вялікі карабель, сплёў невад, паклікаў ксяндза. I вось, калі закінулі невад і пачалі выцягваць яго, то быў ён лёгкі. Рашылі, што нічога няма. Але, калі выцягнулі апошняе крыло, убачылі ў нераце цудоўную дзяўчыну з белым тварам, доўгімі распушчанымі валасамі. Адны ад здзіву анямелі, другія кінуліся ўцякаць.

Тады дзяўчына загаварыла голасам, падобным да голасу ручая, які бег у гэтае возера:

— Вы задумалі дзёрзкую справу, парушылі спакой возера. Але я раскажу вам пра яго. На тым месцы, дзе сёння возера, стаяў некалі горад. Князь, які валодаў горадам, быў у хаўрусе з навагрудскім князем Міндоўгам. Аднойчы напаў на Навагрудак з магутным войскам суседні цар. Князь разам са сваёй дружынаю паехаў на дапамогу Міндоўгу. У горадзе засталіся старыя, жанчыны, дзеці і сярод іх прыгожая князева дачка. Магутнае войска Міндоўга і княскае войска разбілі, і ворагі падышлі да горада Свіцязя. Тады перад князёўнай з'явіўся аднекуль стары і сказаў, што ператворыць горад у возера, а людзей у кветкі. Горад сапраўды адразу пачаў знікаць, а на месцы яго разлілося возера, па якім плавалі цудоўныя кветкі-цары.

Расказаўшы гэта, дзяўчына знікла. Больш яе ніхто ніколі не бачыў. Як успамін пра гэта, кожную вясну цвітуць на возеры кветкі-цары.