Кастусь Каліноўскі (1838-1864)

Подробное решение Страница 147стр. по литературе для учащихся 9 класса, авторов Рагойша В.П., Шамякiна Т. I. 2011



1. Як атмасфера таго часу паўплывала на станаўленне светапогляду правадыра паўстання?

Сярод фактараў, што фарміравалі асобу будучага правадыра паўстання, прадвызначалі яго шлях, трэба назваць незвычайную атмасферу таго часу, насычанага бурнымі грамадска-палітычнымі падзеямі, і асяродак, у якім адбывалася станаўленне дэмакратычнага светапогляду юнака.

Пасля заканчэння Свіслацкага павятовага вучылішча, вядомага не толькі педагагічнымі дасягненнямі, але і багатымі традыцыямі ўдзелу навучэнцаў у вызваленчай барацьбе, Кастусь працягвае адукацыю на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта (сюды годам пазней, толькі на фі-зіка-матэматычны факультэт, паступіць Ф. Багушэвіч). Студэнцкія гады мелі вырашальнае значэнне для далейшага грамадзянскага сталення К. Каліноўскага. У час вучобы ён пазнаёміўся з будучымі ўдзельнікамі паўстання і стаў адным з кіраўнікоў антыўрадавай арганізацыі. Вялікі ўплыў на Кастуся зрабіў яго старэйшы брат Віктар, апантаны даследчык мінуўшчыны роднага краю. К. Каліноўскі быў на другім курсе, калі зазваніў «Колокол» А. Герцэна, і на апошнім курсе, калі ў 9-й кніжцы «Современника» М. Чарнышэўскага пабачыў свет артыкул М. Дабралюбава з вядомым прароцтвам: «Паглядзім, што яшчэ скажуць самі беларусы».

Атрымаўшы званне кандыдата права, вясной 1861 года Каліноўскі вярнуўся на радзіму. Паводле сваіх здольнасцей ён мог бы стаць даследчыкам і літаратарам, як і іншыя слаўныя сыны беларускай шляхты ХІХ стагоддзя. Але лёс і гісторыя прызначылі яму быць адным з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў.

2. Па якой прычыне К. Каліноўскі называе сябе Яська-гаспадар з-пад Вільні? Наколькі такі літаратурны псеўданім адпавядае зместу і форме газеты «Мужыцкая праўда»?

Дзейнасць К. Каліноўскага стаяла каля вытокаў публіцыстычнага жанру новай беларускай літаратуры. Публіцыстыка разглядае надзённыя праблемы чалавечага жыцця (эканамічныя, філасофскія, культурныя і інш.), каб паўплываць на грамадскія погляды або на існуючыя палітычныя рэаліі. «Мужыцкая праўда» — першая беларуская нелегальная газета, якая несла народу праўду пра тагачасную грамадска-палітычную сітуацыю на Беларусі. Газета выдавалася на беларускай мове, друкавалася лацінкай; захавалася сем нумароў яе. Кожны нумар пачынаўся палымяным зваротам «Дзецюкі» і канчаўся подпісам «Яська-гаспадар з-пад Вільні», што выклікала сімпатыю ў сялян — тых, каму К. Каліноўскі адрасаваў на старонках газеты свае творы і ў чыіх душах сеяў усведамленне права «людзьмі звацца». У напісанні і выданні газеты апрача К. Каліноўскага прымалі ўдзел яго сябры-паплечнікі Валерый Урублеўскі (потым — генерал Парыжскай камуны) і паэт Фелікс Ражанскі. Каліноўскі-публіцыст бачыў, разумеў важнасць асветніцтва і ў сувязі з гэтым выключную ролю беларускага друкаванага слова ў абуджэнні стагоддзямі прыгнечанага народа. Па трапным выказванні С. Александровіча, «так пагарджанае беларускае слова ўпершыню выйшла з-пад сялянскай страхі на шырокі грамадскі прастор».

3. Якія рэвалюцыйна-дэмакратычныя ідэі сцвярджаў К. Каліноўскі ў газеце «Мужыцкая праўда»?

Кожны нумар газеты прысвечаны якой-небудзь важнай тэме, якой-небудзь значнай праблеме грамадскага жыцця. У ёй была выкладзена наступная праграма нацыянальнага адраджэння: даць сялянству зямлю і волю грамадзе («Чалавек вольны — гэта калі мае кусочак сваёй зямлі, за каторую ані чыншу і аброку не плаціць, ані паншчыны не служыць»); свабоднае самавызначэнне беларускага народа; неад’емным фактарам нацыянальнага быцця з’яўляецца мова; увесці ў навучанне дзяцей родную мову; народ павінен мець дэмакратычныя свабоды веравы-знання.

Газета пераконвала сялян, што «ні ад каго чакаць няма чаго, бо той толькі жне, хто пасее», што яны ўласнымі сіламі могуць і павінны дабіцца справядлівага ладу: «Так сейце ж, дзецюкі, як прыйдзе пара, поўнаю рукою, не шкадуйце працы, каб і мужык быў чалавекам вольным». І далей: «Мужык, пакуль здужае трымаць касу і сякеру, бараніць свайго патрапіць і ні ў каго ласкі прасіць не будзе». У гэтым — асноўны пафас «Мужыцкай праўды». Па-сучаснаму надзённа гучыць лозунг, сфармуляваны К. Каліноўскім: «Не народ для ўрада, а ўрад для народа». Не дзіва, што гэтыя словы ўзяты эпіграфам да сучаснай беларускай дзяржаўнай газеты «Рэспубліка».

4. Якія сродкі вобразна-выяўленчай выразнасці надаюць творам К. Каліноўскага характар гутаркі, ствараюць уражанне непасрэднасці зносін з адрасатам?

Арыгінальнасць «Мужыцкай праўды» заключалася ў тым, што яна стваралася ў форме гутаркі (жанр, які быў распаўсюджаны ў беларускай літаратуры ў 40—50-я гады XIX стагоддзя) разумнага, кемлівага, бывалага Яські-гаспадара з сялянамі-«дзецюкамі». Умела карыстаецца аўтар слоўнай палітрай, насычанай яркімі фарбамі, мастацкімі сродкамі: параўнанні, паралелізмы, іронія, сарказм, трапныя народныя выразы, фальклорная сімволіка (вобраз сяўбы і жніва як сімвал народнага паўстання), традыцыйны для ўсходнеславянскіх літаратур сімвал сейбіта (які сее разумнае, добрае, вечнае), рытарычныя пытанні, воклічы…

5. Знайдзіце ў тэксце «Мужыцкай праўды» (№ 2) сродкі слоўнай выразнасці, акрэсліце іх экспрэсіўную ролю.

У другім нумары газеты «Мужыцкая праўда» аўтар ўздымае вельмі актуальныя праблемы: зямля і воля. Яська, гаспадар з-пад Вільні, тлумачыць сялянам, чаму адны; людзі багатыя, а другія бедныя, адкуль з'явілася паншчына.

Аўтар выкарыстоўвае розныя сродкі моўнай выразнасці:

Звароткі: “Дзецюкі”, “Мужыкі”

Фразеалагізмы: “багацтва нашае калола ў очы”, “каб іх так колька схапіла”, “маскаля з яго сабачым рондам”, “дзяруць астатню шкуру”, “ ўсё зрабілася па-чартоўску”

Сінекдаха: “ў суседстве з намі жыў Немец і Маскаль.”

Клічныя сказы: “От гэта так справядлівасць! ”. “"Мужык, давай рэкрута, мужык, давай падаткі, да і паншчыну яшчэ служы альбо плаці аброк у казну!" Так якая ж тут ужэ справядлівасць, калі ўсенька, што цяжка, зваляюць на мужыка, калі з яго дзяруць астатню шкуру, б’юць і плакаць не даюць! ”

Мова насычана дзеясловамі: “І няма чаго таму дзіваваціся, бо было лесу шмат, поля колька хочаш, а людзей то мала, так нашто ж служыць паншчыну за зямлю, калі кожны мог лесу выцерабіць, хату сабе паставіць і меці сваё поле.”

6. Чаму даследчыкі жыцця і творчасці К. Каліноўскага называюць «Ліст з-пад шыбеніцы» і верш «Марыська чарнаброва, галубка мая» запаветам аўтара?

Літаратурная спадчына К. Каліноўскага мае асаблівае значэнне ў гісторыі беларускай культуры. Яна з’яўляецца запаветам, які асвятляе мінулае і шлях у будучыню. Апошняе перадсмяротнае пасланне К. Каліноўскага «Да беларускага народа», вядомае пад назвай «Ліст з-пад шыбеніцы», напісана ў турме і патайнымі каналамі перададзена на волю. Ужо з-пад шыбеніцы вялікі сын пісаў свайму народу: «Браты мае, мужыкі родныя! З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, но не жаль згінуць за тваю праўду». Развітальныя словы, звернутыя да ўсяго беларускага народа, носяць характар запавету.

Палымяны заклік — «ваяваці за сваё чалавечае і народнае права» — арганічна перарастае ў лірычныя радкі адзінага вядомага нам верша К. Каліноўскага «Марыська чарнаброва, галубка мая», дзе трапяткія ноты пяшчоты да каханай змяняюцца зноў развітальным акордам:

Бывай здаровы, мужыцкі народзе,

Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе

І часам спамяні пра Яську свайго,

Што загінуў за праўду для дабра твайго.

За вобразам Марыські чарнабровай даследчыкі бачаць адначасна і канкрэтнага чалавека — Марыську Ямант, дачку аднаго з паплечнікаў К. Каліноўскага па паўстанні, яго каханую, і паэтычнае ўвасабленне Радзімы-Беларусі. Верш К. Каліноўскага «Марыська чарнаброва, галубка мая» — яркі ўзор рэвалюцыйнай лірыкі ў публіцыстыцы.

7. Хто з дзеячаў беларускай культуры ў сваіх творах звярнуўся да лёсу Каліноўскага?

Запавет Каліноўскага беларускаму народу ажыве потым у паэтычна-праграмных формулах Янкі Купалы — «людзьмі звацца», «заняць пачэсны пасад між народамі». Да вобраза Кастуся Каліноўскага звярталіся ў сваёй творчасці Уладзімір Караткевіч (“Кастусь Каліі ноўскі”, «Каласы пад сярпом тваім», «Нявесце Каліноўскага»), Алесь Якімовіч («Кастусь Каліноўскі»)і Аркадзь Куляшоў («Хамуціус»), Максім Танк («Каліноўскі»), Пятрусь Броўка («Кастусь Каліноўскі») ,і іншыя пісьменнікі.

8. Што такое публіцыстыка як від літаратуры і які ўклад зрабіў К. Каліноўскі ў беларускую публіцыстыку?

Публіцыстыка (ад лац. publicus — грамадскі) — від літаратуры, які знаходзіцца на памежжы навуковай (грамадска-палітычнай) і мастацкай прозы і аб’ядноўвае выказванні (вусныя і пісьмовыя) на актуальныя для пэўнага часу сацыяльна-палітычныя або грамадска-культурныя тэмы. Публіцысты зацікаўлена выказваюць уласны пункт по-гляду на тыя ці іншыя надзённыя праблемы, з павышанай эмацыянальнасцю звяртаюцца да сваіх сучаснікаў, каб пераканаць іх у праваце сваіх меркаванняў.

Публіцыстыка Кастуся Каліноўскага стала падмуркам новай нацыянальнай ідэі Беларусі - краіны вольнай і справядлівай, дзе кожнаму чалавеку ёсць годнае месца незалежна ад паходжання і статусу. Гэта былі перадавыя ідэі таго часу, якія і дагэтуль на поўную рэалізуюцца не ва ўсіх нават цывілізаваных краінах. Вельмі сімвалічна, што «Мужыцкая праўда» заклікала людзей да паўстання. Газета сама па сабе ўжо была рэвалюцыяй - сімвалам пералому ў мысленні і самаўспрыманні беларускага народу. Мужыцкая праўда была першай перыядычнай газетай на беларускай мове. Больш-менш рэгулярныя выданні на той час ужо існавалі, але сваёй аўдыторыяй яны мелі досыць абмежаваныя сацыяльныя групы, выходзілі па-польку ці па-расейску. Газета Кастуся Каліноўскага адрасавалася вельмі шырокаму колу чытачоў. Яна звярталася да прадстаўнікоў усіх саслоўяў, але на мове, якой размаўляла большасць насельнікаў гэтага краю. І менавіта ў ёй упершыню раскрыўся сэнс вызначэння беларускі народ, у праве на існаванне якому доўгі час адмаўлялі.

9. На аснове тэкстаў «Мужыцкай праўды» складзіце «Запаветы Каліноўскага беларускаму народу», кіруючыся наступным азначэннем: запавет — наказ, парады паслядоўнікам, нашчадкам.

«Чалавек вольны — гэта калі мае кусочак сваёй зямлі, за каторую ані чыншу і аброку не плаціць, ані паншчыны не служыць»;

свабоднае самавызначэнне беларускага народа;

неад’емным фактарам нацыянальнага быцця з’яўляецца мова;

увесці ў навучанне дзяцей родную мову;

народ павінен мець дэмакратычныя свабоды веравы-знання.

«Ні ад каго чакаць няма чаго, бо той толькі жне, хто пасее» - людзі ўласнымі сіламі могуць і павінны дабіцца справядлівага ладу: «Так сейце ж, дзецюкі, як прыйдзе пара, поўнаю рукою, не шкадуйце працы, каб і мужык быў чалавекам вольным».

«Мужык, пакуль здужае трымаць касу і сякеру, бараніць свайго патрапіць і ні ў каго ласкі прасіць не будзе”;

«Не народ для ўрада, а ўрад для народа».